МЗС: Грамадзян Беларусі сярод пацярпелых у манчэстэрскім тэракце няма

24 мая 2017

Пра гэта са спасылкай на беларускае пасольства ў Вялікабрытаніі ў сваім твітэр-акаўнце паведаміла Міністэрства замежных спраў нашай краіны.

Раней у знешнепалітычным ведамстве рэкамендавалі беларусам, якія знаходзяцца ў Манчэстэры, прытрымлівацца ўказанняў мясцовых улад і не наведваць месца інцыдэнту. Тым часам стала вядома, што ўзровень тэрарыстычнай пагрозы ў Вялікабрытаніі павышаны да максімальнага - крытычнага. Бяспеку на вуліцах гарадоў будуць гарантаваць вайскоўцы.

Тэрэза Мэй, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі: "Эксперты прыйшлі да высновы на падставе бягучага расследавання, што ўзровень тэрарыстычнай пагрозы павінен быць падняты з сур'ёзнага да крытычнага. Ацэнка сітуацыі ў краіне ажыццяўлялася спецыялістамі сумеснага цэнтра па тэрарыстычным аналізе. Яны прыйшлі да высновы, што новы тэракт у краіне можа быць учынены ў любы момант. Гэта азначае, што атака не толькі з'яўляецца верагоднай, але і тое, што наступны напад можа быць немінучым".

І, як нядаўна паведаміла кіраўнік МУС Вялікабрытаніі Эмбер Рад, выканавец тэракта - 22-гадовы Салман Абедзі - раней быў вядомы разведвальным службам і дзейнічаў не адзін. Мужчына нядаўна здзейсніў паездку ў Лівію. Праваахоўнікі спрабуюць устанавіць, ці мог ён праходзіць падрыхтоўку ў лагеры баевікоў. Нагадаем, адказнасць за выбух узяла на сябе групоўка "Ісламская дзяржава". Паводле апошніх звестак, загінуўшых 22 чалавекі, яшчэ 59 параненыя.