МЗС: Беларусь з СААЗ працуюць кругласутачна

17 марта 2020
Беларусь з самага пачатку распаўсюджвання эпідэміі працуе з СААЗ кругласутачна. І няма ніводнай рэкамендацыі, якую б не выконвала наша краіна. Гэта адзначыў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз, адказваючы на пытанні "РІА Навіны" з прычыны закрыцця расійскай мяжы для грамадзян Беларусі. 

"Сумна, што рашэнні нашых расійскіх сяброў у большай меры заснаваныя на нейкіх абстрактных прапорцыях, чым на рэальных звестках або інтарэсах людзей. Тым больш грамадзян краіны, якая з'яўляецца, як было сказана ўчора ў Крамлі, нашым найбліжэйшым партнёрам і саюзнікам".

У МЗС адзначылі, што на сёння  пацверджаны два выпадкі завозу ў Беларусь каранавіруса з Масквы. Астатнія таксама прывезены звонку. Беларусы ж пакуль нікому яго не экспартавалі. Сітуацыя з эпідэміяй няпростая і эфектыўна змагацца з захворваннем можна толькі сумеснымі  намаганнямі.