Міжнародны фестываль "Ноч ваўкоў" сабраў каля двухсот удзельнікаў

8 февраля 2020
"Ноч ваўкоў" прайшла ў Белавежскай Пушчы. У цёмным лесе шукалі сляды драпежніка, ладзілі кінапаказы і тэатральныя пастаноўкі. Фестываль аб'яднаў беларускую і польскую часткі запаведніка. На яго прыехалі каля двухсот удзельнікаў. Разам з імі па запаветных сцежках прайшлася і Марыя Тройніч.

Ноч, дзікая старажытная пушча і выццё воўка: экскурсія па нацыянальным парку амаль як сюжэт з фільма жахаў. Але гіды спяшаюцца супакоіць: баяцца няма чаго. Драпежнікі першымі не нападуць, а выццё несапраўднае. Ваўкоў клічуць з дапамогай спецыяльнай трубы. Імітацыя настолькі рэалістычная, што па целе бягуць мурашкі.

Міжнародны фестываль "Ноч ваўкоў" сабраў каля двухсот удзельнікаў. Гэта навукоўцы, эколагі і прадстаўнікі прыродаахоўных арганізацый. Ім расказалі пра звычкі і распарадак воўка, а таксама пра яго адносіны з чалавекам і сабратамі. Усяго ў Беларусі жыве каля паўтары тысячы ваўкоў. І ў іх нават ёсць свой сайт vouk.by.

"Ноч ваўкоў" праходзіць  ў нашай краіне ўпершыню і адразу  ў статусе трансгранічнага фестывалю. Начная экскурсія па пушчы - самая захапляльная частка фестывалю. Працягласць маршруту 5 кіламетраў. Леснікі і паляўнічыя пакажуць, дзе могуць хавацца драпежнікі.

Праўда, з воўкам ўдзельнікі фэсту так і не сустрэліся. Затое ў канцы падарожжа па начным лесе ўсіх чакаў пікнік з вогнішчам.