Міжнародны фестываль ілюзіяністаў прайшоў у Мінску

8 ноября 2018

Прадстаўнікі 7 краін дэманстравалі майстэрства і пераймалі вопыт у сусветна вядомых гуру фокуснай справы. Другі год Мінскі клуб фокуснікаў збірае ўдзельнікаў рознага ўзросту і ўзроўню падрыхтоўкі. Марына Мураўёва - пра сакрэты ілюзіі.


Свой нумар з галубамі Арсэн Мелканян упершыню паказаў шэсць гадоў таму. Тады ў перфомансе былі задзейнічаныя ўсяго дзве птушкі. Цяпер жа ў фокусніка - два саставы крылатых артыстаў, па восем - у кожным, каб птушкі паспявалі адпачыць. 
Дарэчы, кожны фокуснік працуе ў сваім жанры і са сваім рэквізітам. 

Для мікрамагіі фокусаў з дробнымі прадметамі на адлегласці выцягнутай рукі - падыходзяць напарсткі, манеты, шарыкі. Сцэнічнай - на вялікую публіку: каробкі, вялікія кольцы, скрыні або акварыумы. А вось для ментальнай магіі спрыт рук і аніякага рэквізіту. Тут галоўнае - ілюзія "звышздольнасцяў": чытанне думак, угадванне напісанага.

Часткова рассакрэціць магію фокусаў можна было вось на гэтай экспазіцыі рэквізітаў. Падвоеныя ружы і кольцы з сакрэтамі - толькі частка ад агульнай сцэнічнай магіі нумара.
На фестываль з'ехаліся больш за 60 ілюзіяністаў з сямі краін свету. Паказаць сваё майстэрства і навучыцца новым вынаходніцтвам.

Парады па падрыхтоўцы конкурснага нумара, майстар-класы па жангліраванні і віртуозным валоданні прадметам. 
Сваім вопытам падчас фестывалю дзяліліся вядомыя сусветныя майстры ілюзійнага мастацтва. Сярод ганаровых гасцей - Хрысціян Бізао з Румыніі і рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінэса з Кувейта. 

Навучыцца труку можна за некалькі хвілін. А каб атрымаць вось гэтую ўзнагароду, спатрэбіцца не адзін год руплівай працы на сцэне.
Залаты кубак па дзіцячай магіі атрымаў Дзяніс Рыбушкін з расійскага горада Іванава. Па ментальнай і камічнай магіі - леташні пераможца фестывалю Іван Гусеў з Сочы. Лепшым сярод мікрамагаў стаў Аляксандр Шышук з Баранавіч. А вось плацінавую ўзнагароду за ўклад у развіццё ілюзійнага жанру ў Беларусі атрымаў самы вопытны фокуснік нашай краіны Пётр Стасевіч з Мінска. Чароўнай і захапляльнай справай ён займаецца больш за тры дзясяткі гадоў.