Міжнародны дзень абароны дзяцей адзначылі і ў музейных залах

1 июня 2020
"Мастацкі дзецям" - спецыяльны праект Нацыянальнага мастацкага сёння адкрылі ў рэжыме афлайн. Наведвальнікам прапаноўваюць адразу некалькі варыянтаў  - выставу конкурсных работ хлопчыкаў і дзяўчынак з 27 краін свету, падрабязнае паглыбленне  ў тэматычнае палатно Мая Данцыга "Сонечны кантынент" і нават арт-квест. 

Падрабязнасці ў Ніны Мажэйкі.

Дзень абароны дзяцей у Нацыянальным мастацкім музеі

Пасля вымушанай паўзы музей вярнуўся ў афлайн і адразу з маштабным міжнародным праектам, куратарамі якога сталі Міністэрства адукацыі і Арганізацыя Аб'яднаных Нацый. Размова  пра  конкурс дзіцячага малюнка "Сябруюць дзеці на планеце". Геаграфія экспанатаў уражвае - 27 краін. Тут, у музеі, экспануецца толькі частка конкурсных работ. 

Тэма VII Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка - экалогія

Асноўная экспазіцыя знаходзіцца непадалёк - на вуліцы Кірава ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. На суд журы даслалі больш  за чатыры з паловай тысячы жывапісных і графічных  работ на тэму экалогіі. Замест вечнага "Солнечный круг, небо вокруг..."  прыстаўка эка ўсюды: экафакт, экапланета, экапарады ад тых, каму ад 4 да 16 гадоў. 
Жывапіс, графіка і змяшаная тэхніка - тры намінацыі і чатыры ўзроставыя катэгорыі. Аднастайным было толькі журы: вядомыя беларускія мастакі, мастацтвазнаўцы і настаўнікі выяўленчага мастацтва. Праект можна будзе ўбачыць і на YouTube - відэаэкскурсія з англійскімі субцітрамі, каб было зразумела кожнаму. 

Карціну Мая Данцыга "Сонечны кантынент" дасталі з запаснікаў

Складаныя задачы дарослых, на першы погляд, здаюцца простымі, калі напісаны гуашшу ці  акварэллю. Але аб вялізным дзіцячым патэнцыяле задумваўся мастак і заслужаны настаўнік Сяргей Пятровіч Каткоў. Свайго майстра на палатне велічэзных памераў - 5 на 3 - намаляваў Май Данцыг. Апошні раз "Сонечны кантынент"  выстаўляўся  яшчэ пры жыцці аўтара. Суровы рэаліст або аптыміст верыў у сілу эстэтычнага выхавання. 

Анлайн-праект "Дзеці мастакоў"

Да Міжнароднага дня абароны дзяцей музей падрыхтаваў і спецпраект "Дзеці мастакоў". Частку партрэтаў можна ўбачыць і анлайн, і  ў рэальнасці ў пастаяннай экспазіцыі, а таксама пакінуць водгук аб наведванні. Музейныя работнікі  іх чытаюць - пераканаліся асабіста. 
У тэлеграм-канале Нацыянальнага мастацкага музея можна знайсці падборку самых мілых каментарыяў ад наведвальнікаў розных гадоў. Дарэчы, дзіцячы почырк сустракаецца не радзей  за дарослы.