Міжнародны дзень аховы навакольнага асяроддзя адзначылі экафестывалем

6 июня 2017

Экалагічны квэст, інтэлектуальныя батлы, экалагічныя майстар-класы, навуковыя праекты па энергазберажэнні. Міжнароднаму дню аховы навакольнага асяроддзя маладыя эколагі прысвяцілі Зялёны фестываль. Свае ідэі прывезлі ў сталіцу сто настаўнікаў і ў два разы больш вучняў з розных гарадоў Беларусі. Зялёныя правілы ў матэрыяле Аляксандры Драгун.

У аснове яе брошак не каштоўны метал ці камяні. Аўтарскія аксесуары, прасякнутыя водарам дрэў. На экалагічныя ўпрыгажэнні Ларысу Палуян натхніла флора. І сама ж прырода падказвае педагогу непаўторныя формы для экакулонаў з ядлоўцу ці дрэва абрыкоса.

Свае экаідэі прывезлі на Зялёны фестываль больш за сто настаўнікаў і ў два разы больш вучняў з розных гарадоў Беларусі. Быццам на маскарад рыхтаваліся юныя эколагі з Гродна. Уборы няпростыя, хоць і з рэчаў другаснай сыравіны. Так маладыя людзі прыцягваюць увагу да асобнага збору смецця.

Экалагічны квэст, інтэлектуальныя батлы, майстар-класы, навуковыя праекты па энергазберажэнні і ландшафтным дызайне. Зялёны стыль жыцця юныя натуралісты дэманструюць на працягу трох фестывальных дзён.

Утульны парк для душы з жывой агароджай і вадаём ці сад бізнес-лэдзі з экаальтанкамі, шмат’яруснымі кветнікамі і паркоўкай. Семінары на свежым паветры таксама ў раскладзе экафестывалю. Акрамя аўтарскіх праектаў для ландшафтнага дызайну, напрыклад, ля прыватнага дома – майстар-клас па доглядзе іглічных кампазіцый.

Аптэкарскі сад – гэта 10 праектаў ад пераможцаў экафестывалю. Літаральна за дзень юныя эколагі высадзілі на невялікай тэрыторыі лячэбны кветнік. Ад духмянай мяты і размарыну да лаванды і календулы. Акрамя гэтага паспелі распрацаваць экаінтэр'ер для гаючага саду.

Такім экафестывалем маладыя эколагі і іх настаўнікі падтрымалі Міжнародны дзень аховы навакольнага асяроддзя. Завершыцца зялёны форум заўтра вандроўкамі па зялёных сцежках Цэнтра экалагічнага турызму ў Станькаве.