Міжнародны дзень неданошаных дзяцей адзначаюць сёння

17 ноября 2017

Штогод у свеце раней за тэрмін нараджаецца кожнае дзясятае немаўля. У Беларусі такіх дзяцей амаль чатыры з паловай тысячы.

Дзякуючы развіццю сучаснай медыцыны такія дзеці атрымліваюць неабходнае лячэнне і хутка набіраюць вагу. Сваім вопытам дзеляцца і бацькі праз аб'яднанне "Рана". Наталля Кузьміцкая працягне тэму.

Гэтыя малыя паспяшаліся з'явіцца на свет. Яны нарадзіліся неданошанымі: раней за тэрмін на 14 і нават 17 тыдняў. Мама - не першы чалавек, якога яны сустракаюць. Спачатку немаўляты трапляюць у клапатлівыя рукі ўрача-неанатолага.

За 20 гадоў працы праз Юлію Ражко і калектыў аддзялення неданошаных нованароджаных РНПЦ «Маці і дзіця» прайшлі тысячы немаўлят. Дзякуючы прафесіяналізму гэтай жанчыны і яе калегаў нават дзеткі з экстрэмальным недахопам вагі – масай да кілаграма - атрымліваюць магчымасць на здаровае і паўнавартаснае жыццё.

У гэтым педыятрычным аддзяленні зараз 47 немаўлят. Вось гэты - бадай, самы маленькі. Малыш нарадзіўся вагой усяго кілаграм дзвесце.

Выходжванне неданошанага дзіцяці - вельмі складаны працэс: кругласутачнае назіранне, кантроль тэмпературы і вільготнасці ў інкубатарах, штучнае гадаванне. Часам у такіх умовах маленькі чалавек знаходзіцца і 4 месяцы. На працягу ўсяго гэтага тэрміну неабходная дапамога і матулям, асабліва псіхалагічная.

Бацькі неданошаных дзяцей аб'яднання «Рана» і клуба вязання «28 пяцель» сёння словам і вязанымі з цеплынёй наборамі адзення прыйшлі падтрымаць матуль у іх няпростай сітуацыі. Літаральна год таму Кацярына Гуліда апынулася ў такіх жа абставінах: праз экстраннае кесарава сячэнне, на 31 тыдні, нарадзіўся доўгачаканы сын Ігнат.

Зараз ужо Кацярына дзеліцца сваім вопытам. Маленькі Ігнат сёння ўжо нічым не адрозніваецца ад сваіх аднагодкаў, мае два зубы, з дапамогай матулі робіць, хоць пакуль няўпэўненыя, але самастойныя крокі. І гэта шчаслівая сям'я - пацверджанне галоўнага жыццёвага правіла: нават у самых складаных сітуацыях не трэба апускаць рукі.