Міжнародны дзень неданошаных дзяцей адзначаюць сёння

17 ноября 2017

Штогод у свеце раней за тэрмін нараджаецца кожнае дзясятае немаўля. У Беларусі такіх дзяцей амаль чатыры з паловай тысячы.

Дзякуючы развіццю сучаснай медыцыны ў нашай краіне стала магчымым выходжваць малых з экстрэмальна нізкай масай цела - вагой да 500 грамаў. Флагман у аказанні дапамогі неданошаным нованароджаным - РНПЦ "Маці і дзіця". Акрамя гэтага ў кожнай вобласці краіны створаны спецыяльныя перынатальныя цэнтры. Пытанні дачасных родаў і прафілактыкі здаровай цяжарнасці сёння абмеркавалі падчас першага спецыялізаванага форуму. На ім сустрэліся больш за 200 сем'яў, у якіх падрастаюць неданошаныя дзеці.

У маі ў Беларусі было арганізавана грамадскае аб'яднанне бацькоў неданошаных дзяцей "Рана". Сёння гэтая супольнасць аказвае пасільную інфармацыйна-кансультацыйную і псіхалагічную дапамогу сем'ям, якія сутыкаюцца з праблемамі неданошанасці дзяцей.