Міжнародныя спаборніцтвы сярод паляўнічых сабак праходзяць у Мінскай вобласці

22 апреля 2016

Гэта пяты чэмпіянат. У Валожынскім раёне сабраліся каля сямі дзясяткаў удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Латвіі. Лепшых сабак вызначаюць у дзвюх катэгорыях - праца ў нары на лісіцу і дэманстрацыя паляўнічага характару на падсаднога дзіка. Азартны брэх і хваляванні гаспадароў - у рэпартажы Аляксандра Хараўца.

Гукі паляўнічага ражка абвяшчаюць: спаборніцтвы паляўнічых сабак пачаліся. Амаль 70 удзельнікаў з пяці краін адпраўляюцца са сваімі гадаванцамі чакаць чаргі да выхаду на старт.

Гэтым разам у спаборніцтвах у асноўным удзельнічаюць таксы, тэр'еры і ягд-тэр'еры.

Свой характар і паляўнічыя здольнасці сабакі дэманструюць вось у такой штучнай нары. Прыкладна пасярэдзіне ў гэтай клетцы сядзіць ліса. Чатырохлапыя павінны як мага хутчэй знайсці аб'ект палявання і гучна брахаць на звера на працягу 10 хвілін.

Сабакі чуюць нажыву - вішчаць, рвуцца з павадкоў, выкручваюцца з рук гаспадароў. Перад запускам у нару, як на здымачнай пляцоўцы, гучыць каманда "Цішыня", і толькі пасля гадаванцам даюць волю.

Юрый Марчанка на спаборніцтвы прыехаў з Падмаскоўя і прывёз 5 такс - усе шматразовыя чэмпіёны міжнародных стартаў і сапраўдныя паляўнічыя. І пакуль першая працуе ў нары, астатнія чакаюць непадалёк у машыне. А гаспадар перажывае за гадаванца. Хаця і упэўнены: яго чатырохлапыя сябры нацэлены толькі на перамогу.

Пасля таго як удзельнікі спаборніцтваў пакажуць свае здольнасці ў нары, іх адпраўляюць паляваць на дзіка. Тут яны павінны ўзяць след звера, знайсці яго і прывесці гаспадара да здабычы.

Зрэшты, сам аб'ект палявання - 11-гадовы дзік Яша на брэх сабак не надта рэагуе. У кныра сур'ёзны трэнерскі вопыт. Так што, яшчэ здалёк жывёла вызначае хто з чатырохлапых паляўнічых нясе яго спакою пагрозу.

Завершацца спаборніцтвы ў нядзелю. Акрамя ўзнагарод, многія сабакі атрымаюць яшчэ і бясцэнны вопыт у паляванні.