Міжнародныя ўзнагароды беларускім навукоўцам

27 июня 2014

Чацвёра беларускіх навукоўцаў сталі ўладальнікамі галоўных узнагарод Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук Малдовы, Украіны і Беларусі. З трох магчымых намінацый перамогу ў Мінск прывезлі ў дзвюх. З лаўрэатамі на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пагутарыла Улада Карніцкая.


У беларускіх навукоўцаў ужо больш як 30 узнагарод. Менавіта столькі разоў нашы акадэмікі і дактары за 19 гадоў існавання прэстыжнай прэміі сумесных даследаванняў галоўных навуковых устаноў Беларусі, Украіны і Малдовы станавіліся яе пераможцамі. І сёлета, ужо можна сказаць, традыцыйна зноў абышлі акадэмікаў і дактароў з Кіева і Кішэнёва.


У беларусаў перамога ў дзвюх намінацыях з трох магчымых і чацвёра ўладальнікаў заслужаных узнагарод. Прычым, двум лаўрэатам усяго-та ледзь больш за трыццаць - сапраўды юны ўзрост для навукі. Сярод тых, хто прыйшоў асабіста павіншаваць пераможцаў, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў, кіраўнікі вядучых універсітэтаў і навуковая эліта краіны.


Сяргей Кілін, намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі: Прэмія прысуджаецца раз у два гады. Па трох намінацыях. Тры намінацыі: гэта, зразумела, навуковы, тэхнічны і гуманітарны кірункі. Гэтая прэмія карыстаецца ўвагай з боку навукоўцаў, паколькі яна аб'ядноўвае міжнародную садружнасць навукоўцаў.


Яны пяць гадоў працавалі са святлом і рэчывам і сталі лепшымі. Сёння разам з калегамі ўзнагародзілі і Сяргея Прыслопскага, і яго старэйшага калегу Сяргея Гапаненку. Яны сінтэзавалі цэлую серыю новых нанаструктур з незвычайнымі аптычнымі ўласцівасцямі. Па сутнасці - спрасцілі працу як мінімум эколагам і медыкам.


Сяргей Гапаненка, лаўрэат прэміі Акадэміі навук Беларусі, Украіны, Малдовы, загадчык лабараторыі Інстытута фізікі ім. Б.І. Сцяпанава НАН Беларусі: Тыя кірункі, якія мы развіваем, можна выкарыстаць пры аналізе харчовых прадуктаў і пітнай вады. Мы можам павышаць адчувальнасць шкодных прымешак, напрыклад, у вадзе, у прадуктах харчавання, у крыві чалавека.


Але без спецыяльнага абсталявання, гавораць ужо за кадрам навукоўцы, гэты поспех наўрад ці стаў бы магчымым. Дакладней, без сучаснага спецыяльнага абсталявання.


Вынікаў навукоўцы дамагліся дзякуючы вось такой усталёўцы. Сабраная яна з дэталяў беларускай вытворчасці і працаваць на ёй можна практычна без абмежавання па часе. Лазеры тут, як сцвярджаюць спецыялісты, абсалютна бяспечныя для здароўя чалавека.


Наступны конкурс толькі праз два гады. Але тут, у Акадэміі навук, гавораць - не толькі, а ўжо. Праўда, аб тых распрацоўках, якія беларусы плануюць прапанаваць на суд навуковай эліты Малдовы - а выбіраць лепшых праз два гады будуць менавіта ў Кішынёве - пакуль журналістам не гавораць.