Міжнародная экспедыцыя па назіранні за птушкамі працуе ў Беларусі

14 мая 2014

Спецыялістаў хвалюе праблема памяншэння папуляцыі птушыных у Еўропе. Каб адсачыць, напрыклад, міграцыю зязюль, арнітолагі адлоўліваюць птушак і надзяваюць на іх спецыяльныя датчыкі. З іх дапамогай можна будзе сачыць за перамяшчэннем птушак у рэжыме анлайн і вызначыць прычыну скарачэння папуляцыі.


Аляксандр Харавец працаваў з арнітолагамі. Студэнтка БДУ Вікторыя ў міжнароднай экспедыцыі па адлоўліванні птушак другі раз. Тым не менш сярод сваіх масцітых калегаў ужо заслужыла аўтарытэт. Сеткі, электронныя вабікі, пудзілы. З усім гэтым яна працуе не горш за прадстаўнікоў Брытанскага каралеўскага таварыства па ахове птушак.


У Еўропе зязюлі знаходзяцца не больш чым два месяцы. У гэты час у птушак шлюбны перыяд. Пасля яны мігрыруюць у Цэнтральную і Паўднёвую Афрыку. У апошнія гады еўрапейскія арнітолагі заўважылі, што вяртаецца адтуль усё менш птушак.


Філ Эткінсан, арнітолаг, Вялікабрытанія: Зязюля адносіцца да тых відаў, якія найбольш скарачаюцца ў Еўропе. За апошнія 25 гадоў яна скарацілася на 50 працэнтаў. У Беларусі папуляцыя зязюлі захавалася на добрым узроўні, таму важна вывучыць сітуацыю ў Беларусі і параўнаць.


Гэты пяціграмовы перадатчык дазволіць сачыць за птушкай у рэжыме анлайн. Застаецца толькі злавіць зязюлю. Для гэтага арнітолагі ўсталёўваюць спецыяльныя сеткі.


Аптымальны час для палявання на зязюлю - раніца або час заходу сонца. Месца таксама трэба выбіраць пэўнае - поле з невысокімі хмызнякамі.


Задача гэтай экспедыцыі - злавіць у Беларусі дзесяць птушак. Шэсць ужо са спадарожнікавымі перадатчыкамі адпраўленыя ў неба. Зараз да іх далучыцца яшчэ адна птушка.


Па словах арнітолагаў, гэтая экспедыцыя - мадэльны рад для даследаванняў міграцыі птушак з Еўропы ў Афрыку. Наперадзе яшчэ шмат працы на тэрыторыі некалькіх краін. Але асноўная яе частка пройдзе ў Беларусі.