Месяц адпачынку за 100 тысяч рублёў

29 мая 2015

Сёлета ў сталічным рэгіёне будуць працаваць школьныя лагеры на базе амаль усіх навучальных устаноў. Адпачыць змогуць больш чым 10 тысяч дзяцей. Яшчэ 50 тысяч – у традыцыйных летніх лагерах. І гэта толькі за першую змену. Пра планы школьнікаў на канікулы даведалася Антаніна Станкевіч.

Першы раз у першым класе яны ўжо адвучыліся. А зараз для іх - новая падзея і таксама ўпершыню: вучні 2-ой гімназіі горада Крупкі ледзь не ўсім класам збіраюцца ў школьны лагер. Што іх там чакае, многія яшчэ не ведаюць, але пэўныя здагадкі ёсць.

Праграма школьнага лагера даволі разнастайная і пазнавальная. Раз на тыдзень дзяцей будуць вазіць у басейн. Запланаваны паездкі і ў сталічныя музеі. Экскурсіі, паходы ў кінатэатр, забавы на свежым паветры і нават адукацыйная праграма – у гульнявой форме, вядома. Важатыя абяцаюць: "Сумна не будзе!"

У дзесяцікласнікаў свае забавы. Ужо амаль дарослыя мужчыны за гэта лета навучацца спраўляцца з ваенным абсталяваннем, асвояць азы страявой падрыхтоўкі і нават пастраляюць з сапраўднай зброі. Патрыятычна-спартыўныя лагеры таксама дзейнічаюць па ўсей вобласці. Такім чынам сумяшчаюць адпачынак з асновамі дапрызыўнай падрыхтоўкі.

А вось у аграгарадку Замкі 12 чалавек вырашылі падпрацаваць. Ім прамы шлях – у працоўны лагер. Работа для падлеткаў па сілах – падфарбаваць забор, разбіць клумбы, высадзіць кветкі і адрамантаваць мэблю.

Да сезона амаль цалкам гатовыя і традыцыйныя летнікі. Першыя заезды ў лагеры пачнуцца з 2 чэрвеня.