Мясцовыя ўлады будуць кантраляваць якасць адукацыі

4 февраля 2017

Мясцовыя ўлады будуць кантраляваць якасць адукацыі, а школы атрымаюць больш паўнамоцтваў. Такія нормы могуць з'явіцца ў Кодэксе аб адукацыі. Праект кодэкса ўжо вынеслі на грамадскае абмеркаванне. Яго можна знайсці на сайце Міністэрства адукацыі. Акрамя таго, таксама плануецца ўнесці ў кодэкс нормы аб тым, што школьнікі могуць ісці ў першы клас з 5 гадоў, факультатывы ў суботу дазволяць для вучняў не толькі 9-11, але і для 5-8 класаў, напаўняльнасць класаў павялічаць да 30 вучняў. Дарэчы, на апошнім абмеркаванні спецыяльнай працоўнай групы дэпутатаў менавіта гэтая норма выклікала ў экспертаў больш за ўсё пытанняў. Улада Карніцкая разбіралася, як новаўвядзенні адаб'юцца на якасці адукацыі ў нашай краіне.

Уладзіслаў Брудскіх зараз вучыцца яшчэ толькі ў 8 класе. Але ўжо юнак - пераможца гарадской алімпіяды па матэматыцы. Больш за тое, у сваім узросце малады чалавек ужо дакладна ведае: паступаць будзе на матэматычны факультэт, а пазней стане праграмістам.

Разам з Уладзіславам у адным класе вучацца яшчэ 24 не менш таленавітыя будучыя матэматыкі. Практычна ва ўсіх - перамогі на гарадскіх і раённых алімпіядах. Як гавораць тут, у 41 сталічнай гімназіі, такі залаты склад практычна ва ўсіх іх профільных класах.

Пакуль у Беларусі не ва ўсіх школах або гімназіях ёсць профільныя класы. Але не выключана, што менавіта яны стануць абавязковай часткай вучобы і Кодэкса аб адукацыі. Змяненні ў дакумент зараз актыўна абмяркоўваюць не толькі бацькі, але і эксперты. Яшчэ адна з ініцыятыў - кантраляваць якасць навучання будуць мясцовыя ўлады.

Папраўкі ў Кодэксе аб адукацыі закрануць таксама вышэйшыя навучальныя ўстановы - ёсць прапанова аб тым, што на пасаду рэктара будуць высоўваць некалькі кандыдатур, а гэта ўжо адзін з прынцыпаў Балонскага працэсу.

Балонскага працэсу, у тым ліку, датычацца ступені - бакалаўр і магістр. Яны таксама могуць быць уведзеныя афіцыйна. Як вынік - працягнецца працэс пераводу некаторых спецыяльнасцяў на чатырохгадовае навучанне. Людміла Хухлындзіна выкладае на факультэце міжнародных адносін у БДУ. Дацэнт памятае яшчэ першых студэнтаў, якія сталі вучыцца на год менш. Было гэта ў 2008-м. Зараз у гэтым універсітэце дзве трэці спецыяльнасцяў з чатырохгадовым навучаннем, і якасць падрыхтоўкі прафесіяналаў, гаворыць Людміла Хухлындзіна, абсалютна не пацярпела.

Гэтая норма не закране медыкаў, фізікаў-ядзершчыкаў, мікрабіёлагаў і архітэктараў. А яшчэ ў новым кодэксе ёсць нормы і для сярэдне-спецыяльнай адукацыі - напрыклад, каб атрымаць працоўную прафесію пасля заканчэння сярэдняй школы, прыйдзецца патраціць ад 6 месяцаў да года замест ранейшага 1,5 года.

Зараз яшчэ пакуль спецыялісты абмяркоўваюць папраўкі ў Кодэкс аб адукацыі. Статус законапраекта яны атрымаюць толькі, калі будуць унесеныя ў Палату прадстаўнікоў. А гэта, паводле плана, адбудзецца не пазней за ліпень гэтага года. Акрамя таго, кожны беларус зможа прыняць удзел у абмеркаванні новай рэдакцыі.

Яна ўжо з'явілася на партале Міністэрства адукацыі. А значыць, у некаторым сэнсе заканатворцамі ў галіне адукацыі краіны могуць стаць і бацькі, і педагогі.