Наш карэспандэнт Якаў Бута ўбачыў дзе будуць жыць хакейныя босы.
Гасцей самага высокага ўзроўню новая гасцініца прымала яшчэ да цырымоніі адкрыцця. Прэм'ер Беларусі Міхаіл Мясніковіч асабіста сачыў за ўзвядзеннем комплексу.
Міхаіл Мясніковіч, Прэм'ер-міністр Беларусі: Выдатна, што гэты аб'ект і іншыя гасцініцы ўводзяцца з некаторым запасам па часе. Будзе яшчэ дастаткова часу, каб прыцерціся персаналу, абкатацца ў новых сценах і годна правесці ўсе мерапрыемствы, звязаныя з ЧС па хакеі.
Падчас спаборніцтваў практычна ўсе нумары ўжо забраніраваныя. Тут, дарэчы, будуць жыць і хакейныя босы.
Гатэль будавалі з алімпійскім размахам. Уражваюць не толькі вялізныя памеры, але і архітэктурныя рашэнні. У холе на першым паверсе столь трымаюць дзясяткі металічных калон. А фасад практычна цалкам пакрыты шклом.
Нават не козыр, а джокер гатэля - размяшчэнне. Побач вялізны парк і асноўная гарадская магістраль. У радыусе паўкіламетра - Мінск-Арэна, гіпермаркеты і рэстараны.
У гатэлі - 234 нумары. З іх шэсць - для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ёсць сямейныя нумары, студыі і апартаменты. Кошт - ад 180 да 850 долараў за суткі.
У 15-павярховым крыле комплексу размясціўся бізнес-цэнтр. Гэта 180 офісаў класа А. Апроч гэтага, канферэнц-залы, перагаворныя пакоі. Увогуле, усё для дзелавых сустрэч.
Першаму госцю гатэля падарылі сертыфікат на дзесяць сутак пражывання. Менеджар з Сочы выбраў менавіта гэты гатэль па некалькіх прычынах. Але галоўнае - тут ёсць практычна ўсё ад Wi-Fi да вялізнага спа-комплексу.
У Мінску гатовыя прыняць гасцей любога ўзроўню - бізнесменаў, спартсменаў і турыстаў з невялікім бюджэтам. Напярэдадні ў сталіцы адчынялі чатыры гасцініцы. Рыхтуюцца да запуску яшчэ дзве. Да чэмпіянату ўсе 43 гасцініцы Мінска будуць загружаныя - размясціць трэба 10 тысяч чалавек.














