Меры па садзейнічанні занятасці ў Беларусі зацверджаны дэкрэтам Прэзідэнта

26 января 2018

Прэзідэнт Беларусі напярэдадні падпісаў Дэкрэт нумар адзін па садзейнічанні занятасці насельніцтва.

У яго аснове стварэнне максімальных умоў для працаўладкавання грамадзян, індывідуальны падыход і прынцып сацыяльнай справядлівасці.

Найважнейшая роля ў рэалізацыі дакумента ў мясцовых органаў улады. Мэта - паглыбіцца ў праблемы кожнага чалавека, які не працуе. Гэта і будзе крытэрыем ацэнкі працы на месцах. Каардынаваць увасабленне дэкрэта будуць пастаянна дзеючыя камісіі, куды ўвойдуць дэпутаты, спецыялісты сфер працы і сацабароны, ЖКГ, унутраных спраў, а таксама прадстаўнікі рэспубліканскіх аб'яднанняў. У новы дэкрэт не ўвайшлі нормы аб спагнанні збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў. Тыя, хто раней уваходзіў у катэгорыю працаздольных, але непрацуючых, зараз вызвалены ад выплаты. Дэкрэтам прадугледжаны канцэптуальна іншы падыход для стымулявання беларусаў да легальнай занятасці. З наступнага года такія грамадзяне будуць аплачваць паслугі, што субсідзіруюцца дзяржавай, па іх поўным кошце. Іх канкрэтны пералік вызначыць урад. Пра тое, што праца - гэта не толькі права, але і сацыяльны абавязак, гавораць і грамадзяне нашай краіны.

Дакумент уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання. Дэталізацыя ўсіх ключавых нормаў дэкрэта аб занятасці пройдзе да 1 красавіка, механізм запрацуе з 1 студзеня наступнага года.