Штогод сталіца павялічваецца на тысячу шматдзетных сем’яў

14 октября 2015

У тым, што дзяцей шмат не бывае, гэтыя жанчыны перакананыя. Сёння ў сталічнай канцэртнай зале “Верхні горад” ордэны атрымалі яшчэ 22 жанчыны. Мэр Мінска Андрэй Шорац асабіста ўручыў знак мацярынскай доблесці і гонару мінчанкам, якія нарадзілі і выхоўваюць пецярых і больш дзяцей. А музычныя віншаванні для іх падрыхтавалі творчыя калектывы. Пра сямейныя каштоўнасці - рэпартаж Аляксандры Драгун.

Пасля ўрокаў родныя сёстры Дамініка і Ліза займаюцца спартыўнай гімнастыкай. Хоць абедзвюм няма і дзесяці, але цягавітасці ім не займаць. Няспыннай энергіі хапае, каб асвоіць практыкаванні на прэс і гнуткасць. Бацькі дзяўчынак упэўненыя: заняткі спортам неабходныя для здароўя і развіцця дзяцей.

Сям’я Фокіных - шматдзетная. Бацькі выхоўваюць чатырох дзяцей, але для захапленняў кожнага знаходзяць час. Пакуль тата вязе з трэніроўкі малодшых - дзяўчынак, старэйшыя браты гатуюць вячэру. Шчаслівая маці кажа: не складана быць шматдзетнай, калі пабач надзейныя памочнікі.

Сямейныя святы Фокіны праводзяць актыўна - на спартыўных фестывалях ці за горадам. Разам вырошчваюць фруктовы сад і гародніну. Сям’ёй удзельнічаюць у гарадскіх конкурсах, у тым ліку, летась змагаліся за званне “Лепшая сям’я”. За асабісты ўклад ў рэалізацыю сацыяльнай палітыкі і годнае выхаванне дзяцей мэр Мінска адзначыў Алену Фокіну ганаровай граматай.

Тое, што шчасце ў дзецях, разумеюць усё больш бацькоў. Штогод сталіца павялічваецца на тысячу шматдзетных сем’яў. Падзякаваць матулям за ласку, клопат і цярпенне вырашылі не толькі 14 кастрычніка - віншуем на працягу тыдня. Прымеркавалі да свята і выставу фотамастакоў - з выявамі немаўлят і жанчын, якія чакаюць малых.

А сёння, бадай, самая трапяткая і чуллівая падзея: ордэнамі мацярынскай доблесці і гонару ўзнагародзілі 22 мінчанак.

Пяшчотнае “матуля” Людміла чуе ў шэсць разоў часцей… Столькі выхоўвае дзяцей. Сёння за іх годнае выхаванне атрымала ўзнагароду, якую калісьці бачыла на грудзях у сваёй бабулі.

Музычныя віншаванні падрыхтавалі матулям дзеці.

Руслан Асланаў - прадстаўнік “Еўрабачання-2015” - распяваецца перад выступленнем. Кажа, перад такой публікай выступаць хвалюецца асабліва. Дарэчы, амаль 2 дзясяткі творчых нумароў упрыгожылі свята матуль.

На гэтым урачыстыя сустрэчы з жанчынамі, што адчулі радасць мацярынства, не скончацца. У пятніцу віншаванні будуць прымаць прадстаўніцы прыгожага полу, што сёння нарадзілі дзяцей.