Рэалізацыя маштабных горадабудаўнічых праектаў, вынас прамысловасці за межы кальцавой і абноўлены турыстычны імідж! Сёння мэр Мінска Андрэй Шорац правёў прэс-канферэнцыю. Дзе ўзвядуць новыя паліклінікі і басейны, і чаму будаўніцтва арэнднага жылля сёлета бярэ тайм-аўт? Падрабязнасці ў Аляксея Кандраценкі.
Больш за дзясятак пытанняў і інфармацыйная палітра, якая закранае практычна ўсе сферы жыццядзейнасці Мінска! Прэс-канферэнцыя мэра горада Андрэя Шорца - нагода вызначыць прыярытэты ў развіцці сталіцы на 2016-ы і нават пазней.
У найбліжэйшыя 5 гадоў у сталіцы поўнасцю вырашыцца пытанне з недахопам паліклінік і бальніц, а да 2018-га і з дэфіцытам дзіцячых садоў. Развіццё сацыяльнай інфраструктуры - адно з першых пытанняў.
Яшчэ адна актуальная тэма - будаўніцтва жылля, у тым ліку і арэндных дамоў. І тут кіраўніцтва сталіцы таксама вызначылася з прыярытэтамі.
Агульная тэндэнцыя - скарачэнне аб'ёмаў ўзвядзення квадратных метраў. Больш за ўсё новабудоўлі зменяць гарадскія ландшафты ў такіх кутках сталіцы, як Каменная Горка - 2 і 3, Лошыца–9, Міхалова-2. Разам з гэтым будаўніцтва арэндных дамоў сёлета возьме паўзу.
Андрэй Шорац, старшыня Мінскага гарвыканкама: "Мы сёлета ўвядзем два дамы, якія заклалі яшчэ летась, гэта на вуліцы Солтыса. Гэта 7 500 квадратных метраў. І, на жаль, пакуль усё з-за адсутнасці фінансавання. Але я ўпэўнены, што ў 2017 годзе мы працягнем будаўніцтва арэндных дамоў".
Сярод эканамічных аспектаў адзін з найважнейшых - падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, а таксама "зялёнае святло" для інвестараў.
Андрэй Шорац, старшыня Мінскага гарвыканкама: "Мы зацікаўленыя ў стварэнні новых працоўных месцаў і гатовыя разглядаць удзел бюджэту ў дзейнасці прадпрыемстваў рознай формы. Гэта і кампенсацыя крэдытаў, і субсідзіраванне, і кірмашова-выставачная дзейнасць".
Рыхтуецца Мінск і да культурна-турыстычнага сезона. Гэта не толькі новыя гасцініцы, а іх сёлета з'явіцца чатыры, але і шмат іміджавых праектаў.
Дарэчы, у тым, што ўсе гарадскія імпрэзы будуць па-сапраўднаму масавымі, ўлады не сумняваюцца. І справа не толькі ў іх відовішчнасці. Саміх мінчан становіцца ўсё больш. Лічбы, якія прывёў Андрэй Шорац, гавораць пра дэмаграфічны "юбілей" сталіцы: праз два гады ў горадзе народзіцца двухмільённы мінчанін.













