Меню сталічных кафэ і рэстаранаў папоўнілі новыя стравы нацыянальнай кухні

13 июня 2017

Пакаштаваць на дэсерт салодкую бульбу - гэта сапраўды па-беларуску. Меню сталічных кафэ і рэстаранаў на сем дзён папоўнілі новыя стравы нацыянальнай кухні. Самыя папулярныя з іх у выніку кулінарнага праекта ўключаць у асноўнае меню. Тыдзень беларускай кухні праводзяць чатырнаццаты раз, але заўсёды ёсць што паказаць. Падрабязней пра кулінарныя навінкі - Аляксандра Кавеліч.

Ёліта Дзірсе родам з Літвы, але ведае, бадай, усе сакрэты беларускай кулінарыі і штодзень знаёміць гасцей з гастранамічным каларытам нашай краіны. У руках шэф-повара нацыянальныя стравы нярэдка набываюць аўтарскі акцэнт. З цікавасцю майстар стварыла і новае аўтэнтычнае меню.

Ёліта Дзірсе, шэф-повар сталічнага рэстарана: "Стваралася меню па кнігах, па запісах. Таксама, калі я прыехала ў Беларусь, гутарыла шмат з жыхарамі з вёсак. Тушэнне, гатаванне на пары - гэта аснова гатавання страў беларускай кухні, тое, што захавалася ў старых рэцэптах".

Гастранамічны праект з беларускім каларытам ладзяць у Мінску чатырнаццаты раз. За гэты час наведвальнікі кафэ і рэстаранаў пакаштавалі больш за паўсотню беларускіх страў. На гэтым тыдні - новая кулінарная пяцёрка.

На сем дзён у меню сталічных кафэ - суп са шчаўя, рыбныя галкі і пячыста з бульбай. На дэсерт - таксама бульба, праўда, салодкая. Дарэчы, здзіўляюць не толькі смакам страў, але і іх падачай. Сервіроўка таксама з нацыянальным акцэнтам.

Да смачнай акцыі далучыліся больш за пяцьдзясят рэстаранаў. Усе стравы падчас Тыдня беларускай кухні па традыцыі гатуюць паводле адзінай рэцэптуры. І каштуюць яны аднолькава.

Пакаштаваць аўтэнтычныя стравы можна да канца тыдня. Самыя папулярныя з іх у выніку кулінарнага праекта папоўняць асноўнае меню. Чарговы Тыдзень беларускай кухні запланаваны на восень.