Менш за тыдзень да старту WorldSkills Belarus-2014

14 мая 2014
Менш за тыдзень застаецца да старту першага нацыянальнага чэмпіянату прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus-2014. Падрыхтоўку да конкурсу, а таксама якасць прафадукацыі і сучасныя патрабаванні рынку працы сёння абмяркоўвалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, гандлю і бізнес-супольнасці. Ужо 20 мая амаль дзве сотні студэнтаў прафесійна-тэхнічных каледжаў і тэхнікумаў пазмагаюцца амаль у 20 спецыяльнасцях: ад дызайнераў да зваршчыкаў.

Ірына Наркевіч, намеснік Міністра гандлю Беларусі: У нас пабудавалі гасцініцы, гандлёвыя цэнтры, аб'екты грамадскага харчавання, рэстараны, бары, кафэ, і ўсё гэта патрабуе прафесійных кадраў. Таму WorldSkills па прафесіях рабочых, тое, што мы ўвайшлі ў гэту асацыяцыю, гэта вельмі важна, таму што гэта павышэнне статусу прафесій, майстэрства рабочых спецыялістаў.
Аркадзь Шкляр, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі: Уносім прапанову стварыць так званыя вядучыя навучальныя ўстановы ў адпаведных сферах эканамічнай дзейнасці. Дзесьці прыкладна мець 18 навучальных цэнтраў у розных рэгіёнах, адаптаваць іх да ўмоў рэгіянальнага рынку. Гэта не новыя навучальныя ўстановы, на базе наяўных каледжаў, прафесійных навучальных устаноў.
Нагадаем, толькі сёлета наша краіна далучылася да міжнароднай асацыяцыі WorldSkills International, галоўная мэта якой - павышэнне цікавасці да рабочых прафесій. Асацыяцыя была створана ў 1946 годзе ў Іспаніі. Сёння рух прадстаўлены на ўсіх кантынентах.