Менш за гадзіну застаецца да пачатку галоўных урачыстасцяў з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

3 июля 2015

Галоўныя ўрачыстасці з нагоды Дня Незалежнасці пачнуцца ўжо праз гадзіну ў сталіцы з ускладання вянкоў да манумента Перамогі. Прамую трансляцыю цырымоніі пакажа Белтэлерадыёкампанія.

На плошчы працуюць камеры Агенцтва тэленавін і зноў на сувязь са студыяй выходзіць наш карэспандэнт Андрэй Крывашэеў (прамое ўключэнне). Менш за гадзіну застаецца да пачатку галоўных урачыстасцяў з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Тут, на плошчы Перамогі, ужо ўсё гатова да ўрачыстай цырымоніі ўскладання вянкоў. Паводле традыцыі ў ёй прымуць удзел Кіраўнік дзяржавы Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, члены ўрада, кіраўнікі абедзвюх палат парламента, прадстаўнікі сілавых ведамстваў, замежныя дыпламаты і госці, вядучыя рэлігійныя і грамадскія аб'яднанні краіны. На плошчы Перамогі ўжо шматлюдна. Сотні мінчан і гасцей сталіцы вырашылі сёння раніцай адзначыць галоўнае свята суверэннай Беларусі ў гэтым сімвалічным і святым для кожнага беларуса месцы. Нагадаем, што з 1996 года Беларусь адзначае Дзень Незалежнасці ў гадавіну вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Такім чынам, падкрэсліваючы рэальную, а не дэкларатыўную цану суверэнітэту, народны і гістарычны сэнс свята. Будуць сёння на плошчы Перамогі і галоўныя героі нашай краіны - ветэраны Вялікай Айчыннай. Максімальная ўвага і ўшанаванні - менавіта ім, вызваліцелям. Бо гэта подзвіг іх пакалення дазволіў абараніць свабоду і суверэнітэт не толькі Беларусі - усёй Еўропы.

Некалькі слоў аб тым, што будзе адбывацца сёння на плошчы Перамогі:

Цырымонія ўскладання вянкоў пройдзе пад гукі ўрачыстай мелодыі "Радзіма мая дарагая" ў выкананні аркестра Ваеннай камендатуры.

Затым будзе абвешчаная хвіліна маўчання ў памяць аб героях, якія аддалі жыццё ў імя Свабоды і Незалежнасці. Далей аркестр выканае Дзяржаўны гімн Беларусі. Цырымонія завершыцца ўрачыстым маршам зводнай роты ганаровай варты. Пасля гэтага святочныя мерапрыемствы і народныя гулянні раўнамерна размяркуюцца па ўсёй сталіцы. Бо Дзень Незалежнасці даўно стаў не проста галоўным дзяржаўным святам, але і любімай народнай і сямейнай урачыстасцю. Вянчаць дзень сённяшні будзе святочны салют. Роўна ў 23:00 прагучыць 30 залпаў. Як абяцаюць арганізатары, назіраць салют можна будзе з любога пункту горада. Нагадаем, што ўрачыстую цырымонію ўскладання вянкоў мы пакажам у прамым эфіры. Да пачатку трансляцыі застаецца менш за гадзіну. Не прапусціце! І са святам, Беларусь! З Днём Незалежнасці!