Мемарыяльны комплекс "Урочышча Пяскі" разбураецца з-за няякасных матэрыялаў

17 октября 2017

Абуральныя па сваім цынізме факты ўскрыліся падчас праверкі будаўніцтва мемарыяльнага комплексу "Урочышча Пяскі" ў Полацку. Мемарыял узводзяць на тэрыторыі былога лагера для савецкіх ваеннапалонных "Дулаг-125". У гады Вялікай Айчыннай тут пахавалі 40 тысяч чалавек. Будаўніцтва пачалося некалькі гадоў таму. Грошы на мемарыял, як гаворыцца, збіралі ўсёй грамадой. У выніку тое, што павінна было будавацца на вякі, ужо разбураецца. Віной усяму няякасныя матэрыялы, якія да таго ж закупліваліся па завышаным кошце. У сітуацыі разбіралася Марына Раманоўская.

Беласнежная капліца на правым беразе Палаты бачная здалёк. На ўзгорку знаходзіцца масавае пахаванне. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут быў перасыльны лагер для савецкіх ваеннапалонных "Дулаг-125".

Гэтую мясціну на ўскраіне Полацка назвалі тэрыторыяй смерці. Штодня тут гінулі сотні. Людзей хавалі на стрэльбішчы. Гісторыкі гавораць: зямля літаральна дыхала. У "Дулаг-125" таксама звозілі палонных з суседняга лагера. Тут пахавана сама меней 40 тысяч чалавек.

Памяць ахвяр фашызму вырашылі ўвекавечыць некалькі гадоў таму. Згодна з праектам, мемарыял "Урочышча Пяскі" павінен аб'яднаць адразу некалькі маштабных кампазіцый. Грошы збіралі ўсёй грамадой. Гэтыя кадры зроблены амаль 2 гады таму.

У мясцовай ЖКГ (а менавіта камунальнае прадпрыемства і з'яўляецца заказчыкам) дэманструюць фатаграфіі будучага мемарыяла.

А вось так месца памяці выглядае зараз: тое, што павінна было будавацца на вякі, разбураецца на вачах.

Таццяна Хітрова, намеснік старшыні Полацкага міжраённага Камітэта дзяржкантролю: "Праверка паказала завышэнне аб'ёмаў выкананых работ на 57 тысяч беларускіх рублёў у выніку завышэння кошту будаўнічых матэрыялаў”.

Плітка дарагая, а вось якасць далёка не ідэальная. Матэрыялы, якія выкарыстоўваліся пры будаўніцтве, не вытрымалі і адной зімы. І такая карціна на ўсёй тэрыторыі комплексу.

Дзмітрый Дзягілеў, начальнік Наваполацкага міжраённага аддзела УДФР Камітэта дзяржкантролю Беларусі: "Праводзіцца праверка па фактах парушэнняў, выяўленых пры будаўніцтве. Па выніках будзе прынята рашэнне ў рамках Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Праверка выявіла і іншыя парушэнні з боку службовых асоб ЖКГ г. Полацка. Некаторым ужо дадзеная прававая ацэнка. Узбуджаны крымінальныя справы".

Пакуль работы на мемарыяльным комплексе прыпыненыя. Пра тое, што тут даўно не ступала нага адказных за будаўніцтва, сведчыць і высокая трава на тэрыторыі. У ЖКГ запэўніваюць: работы адновяцца зусім хутка.

Калі замест гэтай непрывабнай стужкі, якая, па ўсёй бачнасці, абазначае, што на тэрыторыю пабочным асобам уваход забаронены, з'явіцца сімвалічная чырвоная, у ЖКГ сказаць не могуць. Жыхары Полацка спадзяюцца, што здарыцца гэта ўжо да 9 Мая. І не сумняваюцца, што памяць аб загінуўшых будзе захаваная на вякі. Не толькі ў сэрцах людзей, але і ў мармуры.