Невялікі хабар можа павярнуцца сур'ёзнымі праблемамі

16 сентября 2014

Чарговыя факты са словам карупцыя. Сёння ў судзе Кастрычніцкага раёна прайшлі слуханні аб спробе дачы хабару супрацоўніку мытні. Не так даўно грамадзянін Германіі пазбавіўся свайго аўтамабіля за парушэнне правілаў часовага ўвозу машыны. Мужчына вырашыў не даводзіць справу да суду і спрабаваў вярнуць машыну пры дапамозе грошай.


І яшчэ адзін карупцыйны выпадак. Падбухторванне да дачы хабару ставяць у віну жыхару Маладзечна. Ён нібы дапамагаў вырашаць пытанні з жыллём і, вядома, за немалыя грошы.


Уладзімір Каралёў - пра тое, як нават невялікі хабар можа павярнуцца сур'ёзнымі праблемамі.


37-гадовы жыхар Маладзечна добра знаёмы з Крымінальным кодэксам і пакараннямі за карупцыю - менавіта за такое злачынства некалькі гадоў таму ён патрапіў на чорную лаву. Нават зараз у яго не пагашаная папярэдняя судзімасць. Аднак гэта не перашкодзіла мужчыне зноў пачаць рызыкоўную гульню.


Нейкім чынам хлопец змог упэўніць пацярпелых у тым, што ён можа прапісаць іх у інтэрнаце. Для гэтага тыя павінны перадаць яму дакументы і грошы. У спробах хутка вырашыць жыллёвае пытанне хтосьці даваў дзве тысячы, хтосьці раскашэльваўся на тры з паловай. Вынік адзін: усе западозрылі махлярства і напісалі заяву ў міліцыю.


Следчыя ўпэўніваюць: такім чынам зламыснік прысвоіў сабе звыш за $7 000. Гэтая сума не канчатковая. Штотыдзень у міліцыю горада Маладзечна паступаюць новыя заявы. Ужо зараз вядома пра дзесяць пацярпелых. Штораз праваахоўнікі да 7 000 дадаюць усё большыя і большыя сумы. Следчым камітэтам ужо ўзбуджаная крымінальная справа.


Таццяна Беланог, афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці: Дзеянне падазронага кваліфікаванае як махлярства ў асабліва буйным памеры і падбухторванне да дачы хабару ў буйным памеры. Пры гэтым нельга спісваць з рахункаў і ранейшыя заслугі затрыманага. Пошук пацярпелых яшчэ не завершаны. Следчыя спрабуюць па крупінках сабраць усе эпізоды ў адну важкую справу.


Іншы выпадак у Маладзечне аператыўнікі ўжо давялі да суду. Грамадзянін Германіі спрабаваў даць хабар начальніку Маладзечанскага мытнага паста. Зараз усе акалічнасці спробы даць хабар разглядаюць у Кастрычніцкім судзе Мінска.


Віталь Калач, начальнік Маладзечанскага мытнага паста Мінскай рэгіянальнай мытні: Ён прапанаваў мне грашовую ўзнагароду. Але на той момант я ўжо адчуваў, што будзе прапанова хабару, я паведаміў у праваахоўныя органы. У мытных органах на сталай аснове праводзіцца праца па процідзеянні карупцыйным праявам у сферы мытнай справы.


У Беларусі зараз працягваецца абмеркаванне новага закона аб барацьбе з карупцыяй. У Мінскай вобласці склалі своеасаблівы карупцыйны антырэйтынг: лідзіруюць сферы аграпрамысловага комплексу, аховы здароўя, адукацыі і дзяржкіравання. Такія звесткі на днях апублікавалі на міжведамаснай нарадзе праваахоўных органаў. Карупцыя, як карозія грамадства, павінна калі не знікнуць, дык звесціся да мінімуму з увядзеннем новага закона.