Мядзведзь-бадзяга зачасціў у госці

18 декабря 2013

У жыхароў Віцебскага раёна з'явіўся сусед, якога вельмі складана назваць цудоўным, хутчэй клопатным - мядзведзь-бадзяга. Яго бачылі недалёка ад адной з прыгранічных з Расіяй вёсак. Згодна з законамі прыроды, у гэты час года мядзведзі, вядома, павінны быць у спячцы. Бадзяга, як вядома, небяспечны - галодная жывёліна бязлітасная і можа напасці нават на чалавека. Таму вяскоўцы лішні раз не рызыкуюць выходзіць з дому.


Падрабязнасці ў нашага карэспандэнта Вольгі Маслоўскай. З'яўленне мядзведзя-бадзягі ўспудзіла ўвесь раён. Тут, паблізу Суража, дзе кожны другі паляўнічы, добра ведаюць, што галодны драпежнік - сусед клопатны. На зімоўку ў бярлогу касалапы павінен быў залегчы ў кастрычніку-лістападзе. Ці то стрэлы паляўнічых патурбавалі драпежніка, ці то ён не нагуляў дастатковую для працяглага сну колькасць тлушчу, але факт застаецца фактам. Мядзведзь блукае па мясцовых лясах і ўяўляе рэальную пагрозу для чалавека.


На падворкі бадзяга не зазіраў, але вечарам вяскоўцы асцерагаюцца лішні раз выходзіць з дому - да лесу рукой падаць.


Суражскім лясам канца-краю няма. Усяго праз некалькі кіламетраў - ужо расійскія ўгоддзі. Паляўнічыя гэтыя месцы любяць і ведаюць, бо тут насяляюць прадстаўнікі ледзь ці не ўсёй фаўны Беларусі. І, вядома, занесены ў Чырвоную кнігу буры мядзведзь. Паводле звестак паляўніцтвазнаўцаў, на тэрыторыі віцебскіх паляўнічых угоддзяў налічваецца 8 асобін драпежніка. Праўда, ні адной бярлогі тут не выяўлена - сюды мядзведзь прыходзіць карміцца, а зімуе на расійскай тэрыторыі.


Аляксандр Велітчэнка, старшыня Суражскага сельскага савета: У нашай акрузе гэта практычна звычайная справа - бачыць мядзведзя. Жыхары часта летам ходзяць у лес у грыбы, ягады. Хто бачыць, хто чуе.


Зараз вяскоўцы робяць здагадкі, як здарылася, што пад Новы год мядзведзь усё яшчэ гуляе па лесе. Спецыялісты мяркуюць, што прычынай мядзведжай бяссонніцы стала цёплая зіма.


Мікалай Давыдаў, дырэктар Віцебскай раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў: Тэмпературны рэжым плюсавы, у гэтай сувязі мядзведзь працягвае нагульваць тлушч. Сёлета быў добры ўраджай жалудоў і яблыкаў, таму ён, каб лепш перазімаваць, усё яшчэ сілкуецца.


Перапады тэмпературы вымушаюць мядзведзяў выходзіць у людзі не толькі ў Беларусі. У Канадзе і ЗША цёплыя зімы прымушалі драпежнікаў адпраўляцца ў магазіны, а ў Расіі - падарожнічаць па прыватных падворках.


З'яўленне касалапых на публіцы - гэтае заўсёды надзвычайнае здарэнне. А неяк людзям давялося ратаваць сонную жывёліну такім вось чынам.


Пакуль у Прыдзвінні маразоў няма і снегу не так шмат, драпежнік можа без праблем здабываць сабе корм і да чалавека набліжацца не стане. А з наступленнем халадоў, паводле ўсіх законаў прыроды і па запэўненнях спецыялістаў, ён усё ж павінен залегчы ў спячку. Аж да будучай вясны.