Медыцынскія паслугі сталі больш даступнымі для жыхароў нават самых аддаленых вёсак Шчучынскага раёна

18 января 2020
Зрабіць кардыяграму сэрца, здаць аналіз крыві ці выпісаць лекі па электронным рэцэпце - сёння такія медыцынскія паслугі сталі больш даступнымі для жыхароў нават самых аддаленых вёсак Шчучынскага раёна. Пры гэтым дабірацца ў цэнтральную бальніцу зусім не абавязкова. Спецыяльная мабільная амбулаторыя сама прыедзе дадому. Аўтобус, аснашчаны сучасным медыцынскім абсталяваннем, будзе абслугоўваць сельскія населеныя пункты ў радыусе 80-ці кіламетраў ад райцэнтра. 

Аб запатрабаванасці такой дапамогі - рэпартаж Юрыя Карняловіча. Шчучынскі раён - адзін з самых вялікіх у Гродзенскай вобласці. Да аддаленых вёсак трэба праехаць больш за 70 кіламетраў. А таму аператыўна аказаць медыцынскую дапамогу насельніцтву не заўсёды атрымоўвалася. У раённай бальніцы знайшлі выйсце з сітуацыі. Тут аснасцілі мабільную амбулаторыю, якая курсіруе па населеных пунктах.

Урач агульнай практыкі Сяргей Падзялінскі адказны за мабільную медыцынскую дапамогу. Да свойго першага рэйса рыхтуецца дасканала:  правярае набор медыкаментаў, настройвае дыягнастычнае абсталяванне. Цяпер ён не застанецца сам-насам з пацыентамі. Магчымасць выхаду ў інтэрнэт дазволіць пракансультавацца з вузкімі спецыялістамі раённай бальніцы.

Мабільная амбулаторыя, сцвярджаюць медыкі, у першую чаргу разлічана на дыягностыку і выяўленне магчымых захворванняў. Акрамя прыёмаў непасрэдна ў населеных пунктах, спецаўтамабіль будзе заязджаць і на прадпрыемствы раёна для прафагляду супрацоўнікаў.

Першы маршрут мабільнай амбулаторыі быў складзены з улікам пажаданняў сельскіх жыхароў. У вёсцы Мураўёўка свайго стацыянарнага фельшарска-акушэрскага пункта няма, а да райцэнтра некалькі дзясяткаў кіламетраў. Таму выбрацца на медагляд у цэнтральную бальніцу, асабліва пенсіянерам,  не заўсёды атрымліваецца. Новы медыцынскі комплекс мае вялікае сацыяльнае значэнне для Шчучынскага раёна. Ён дазваляе вырашыць пытанне дыягностыкі захворванняў сельскага насельніцтва. А гэта ў сваю чаргу станоўча адаб’ецца ў цэлым на дэмаграфічнай сітуацыі рэгіёна.

Раз на тыдзень спецыяльны аўтамабіль наведае ўсе, нават самыя аддаленыя вёскі. А ў выпадку неабходнасці, даставіць пацыента ў раённую бальніцу. 

На Гродзеншчыне гэта першы праект мабільнай медыцыны. Не выключана, што ўжо ў найбліжэйшы час такія амбулаторыі будуць раз’язждаць па дарогах усіх раёнаў вобласці.