Медыцына крокавай даступнасці

5 мая 2015

Паправіць здароўе, атрымаць медыцынскую кансультацыю або даведку не выходзячы з дому. Першы філіял паліклінікі з’явіўся ў жылым сталічным доме. Сюды могуць звяртацца жыхары вуліц Гаруна, Калеснікава і Жыновіча. Усяго ў філіяле плануюць абслугоўваць каля 8 тысяч чалавек. Медыцыну крокавай даступнасці ацаніла Антаніна Станкевіч.

Рэжым работы  як і ў звычайнай паліклініцы. Пацыентаў тут прымаюць з 7  раніцы  да 8 вечара, у суботу -  з 9 да 15.

У філіяле першую медыцынскую дапамогу аказваюць 4 урачы агульнай практыкі. Акрамя гэтага, тут можна зрабіць электракардыяграму, спіраметрыю ці праверыць зрок. Але па кансультацыю вузкага спецыяліста трэба звяртацца ў  26 паліклініку. А гэта  3 прыпынкі на  грамадскім транспарце.

Атрымаць даведку, выпіску,  а таксама назначэнні падчас  звычайнай прастуды, напрыклад, тут змогуць 8 тысяч чалавек. Прыём вядуць не проста тэрапеўты – урачы агульнай практыкі. Такія спецыялісты аказваюць першасную хірургічную, афтальмалагічную і лор-дапамогу.

Зараз у філіяле абслугоўваюць жыхароў вуліц Гаруна, Жыновіча і Калеснікава. У найбліжэйшы час тут плануюць стварыць  электронную базу звестак, каб урач адразу мог атрымаць здымак ці вынікі аналізаў, напрыклад, з галоўнай паліклінікі   і правільна паставіць дыягназ.

У найбліжэйшы час такія ж філіялы павінны з’явіцца ў мікрараёне Зялёны Луг і жылым квартале Магістр. Акрамя таго, спецыялісты праектуюць амбулаторыю ў мікрараёне Лебядзіны. Такім чынам, вырашаюць дзве праблемы: з чэргамі ў паліклініках (філіялы дазваляюць разгрузіць іх працэнтаў на 10-15)  і крокавай даступнасцю медыцыны.

Акрамя таго, да канца 2016 года ў сталіцы павінны адкрыцца яшчэ тры новыя паліклінікі. Дзве  - дзіцячая і дарослая -   у той жа Каменнай Горцы і дзіцячая ў Брылевічах.