Мара пра наваселле

18 марта 2015

У Маладзечне сям'я ўжо трэці месяц не можа атрымаць ключы ад уласнай кватэры. Пакуль будаваўся дом, кошт квадратнага метра вырас. Выдадзенага льготнага крэдыту, каб пагасіць поўны кошт жылля, сям'і не хапае. І цяпер за імі лічыцца доўг 78 мільёнаў рублёў. Падрабязнасці ў сюжэце Наталлі Кезік.

Расказвае Наталля Кезік.

20 квадратаў на пецярых чалавек. У гэтым доме Віктар Брысь жыве з самага дзяцінства. З цягам часу і сам тут стварыў сваю сям’ю. Прыватызаваць жыллё і рабіць капітальны рамонт зараз няма сэнсу – шматдзетная сям’я чакае кватэру.

У дакументах гэты дом значыцца як нядобраўпарадкаваная кватэра. Дзе і сёння пячное ацяпленне, няма каналізацыі, гарачай і халоднай вады, а дзіцячае адзенне сохне на вуліцы і летам, і зімой.

У 2010 годзе шматдзетная сям’я ўступіла ў кааператыў, але будаваць дом пачалі толькі праз тры гады. Шматпавярхоўку на 80 кватэр здалі ў студзені гэтага года.

Каб засяліцца ва ўласную кватэру, сям’і Брысь зараз не хапае 78 мільёнаў рублёў. У такім жа становішчы знаходзяцца яшчэ 15 сямей.

Даць яшчэ адзін ільготны крэдыт шматдзетнай сям’і не могуць. У якасці альтэрнатывы прапаноўвалі кватэру меншай плошчы. Яшчэ адзін варыянт – пазычыць грошы на сваім прадпрыемстве. У беспрацэнтную растэрміноўку.

Згодна з законам, ключы ад уласных кватэр усе жыхары атрымаюць толькі тады, калі поўнасцю пагасяць запазычанасць. А пакуль Мінскі аблвыканкам назначыў праверку кошту квадратнага метра ў доме. Абмер запланаваны на другі квартал, дакладную дату вызначыць банк.