Адключэнне электрычнасці, выбух на водаправодзе і аварыя на кацельнай станцыі. Надзвычайныя сітуацыі на асноўных цеплаэнергетычных вузлах адпрацавалі сёння ратавальнікі Мінскай вобласці. Зладжанасць дзеянняў прадэманстравалі і іншыя аварыйныя службы раёна і работнікі прадпрыемстваў, на якіх адбыліся ўмоўныя аварыі. Падрабязна Ілья Цвяткоў.
9 гадзін раніцы. За акном крыху развіднела. А ў аграгарадку Лашаны Мінскага раёна ўжо прагучала вучэбная трывога. Супрацоўнікі МНС сёння адпрацоўваюць надзвычайныя сітуацыі і аварыі на аб'ектах жыццезабеспячэння насельніцтва. Сцэнарый вучэнняў насычаны. Надзвычайныя сітуацыі змадэлявалі на некалькіх лакацыях. Спачатку спецыялісты ліквідавалі ўмоўнае адключэнне электразабеспячэння гарадской кацельні. Затым справіліся з прарывам трубаправода.
У дапамогу супрацоўнікам МНС усе аварыйныя службы раёна. Такія вучэнні праводзяць два разы на год для адпрацоўкі зладжанасці дзеянняў. У іх узялі ўдзел і работнікі кацельнага пункта. Апошні этап - абследаванне будынка кацельні. З-пад завалаў ратавальнікі вынеслі ўмоўнага пацярпелага.
На аднаўленне падагрэву вады ў ратавальнікаў не больш за 10 хвілін. Каб падтрымаць цеплазабеспячэнне, у экстранным рэжыме на месцы аварыі ўсталявалі модульную кацельную станцыю. Такіх мабільных кацельных у вобласці ўсяго тры – яны знаходзяцца ў Мінску, Дзяржынску і Маладзечне. Ад таго, наколькі хутка іх даставяць на месца аварыі і падключаць усё неабходнае абсталяванне, залежыць ацяпленне цэлага населенага пункта ці нават раёна.
МНС праводзіць вучэнні ў Мінскім раёне
12 декабря 2019













