МНС правяло вучэннi ў Нясвіжскім замку

14 января 2020
Маштабныя вучэнні МНС у Нясвіжы. Ратавальнікі адпрацавалі надзвычайныя сітуацыі на тэрыторыі культурнага аб'екта. Пацярпелых на вадзе выратавалі ў акваторыі вадаёма з дапамогай спецтэхнікі. Далей па сцэнарыі, на пад'ездзе да помніка архітэктуры здарылася аварыя з аўто, што  перавозіла  небяспечныя хімічныя рэчывы. А потым пачаўся пажар - у  самім замку. Частка наведвальнікаў апынулася адрэзанай агнём - ім на дапамогу прыйшлі пажарныя. Умоўны агонь тушылі на плошчы  150 квадратных метраў з улікам эвакуацыі гістарычных каштоўнасцяў. Людзей з верхніх паверхаў ратавалі з дапамогай надзіманага куба. У вучэннях паўдзельнічаў Ілья Цвяткоў.

Дзесяць гадзін раніцы. На пад'ездзе да Нясвіжскага замка – дзясяткі адзінак тэхнікі і байцоў аварыйных службаў. Ратавальнікі вобласці рыхтуюцца да масавых вучэнняў на культурным аб'екце. Пажарныя машыны з цыстэрнамі, запоўненымі вадой, катэры, лодкі і нават авіяцыя - у поўнай баявой гатоўнасці. Навучальных уводных некалькі. Адпрацаваць іх трэба бездакорна і максімальна хутка. Аснова для вучэнняў - цалкам рэальная. У 2002 годзе падчас рэстаўрацыі Нясвіжскага замка ў адным з будынкаў адбылося ўзгаранне. Пажар ахапіў дзясяткі квадратных метраў. Тушыць яго ратавальнікам даводзілася ў дваццаціградусны мароз. Аляксандр - адзін з герояў таго дня - прымаў удзел у небяспечнай аперацыі.

Цяпер  задача ратавальнікаў такіх экстрэмальных сітуацый на складаным аб'екце не дапускаць. Таму вучэнні тут праводзяць рэгулярна. На гэты раз – падрыхтоўка комплексная. Спачатку байцы МНС выратавалі пацярпелых на вадзе пасля ДТЗ, потым ліквідавалі выкід небяспечных газаў і пажар у будынку замка. Умоўнае ўзгаранне ліквідавалі на плошчы больш за 150 квадратных метраў. Пацярпелых, якім быў адрэзаны шлях да выхаду,  эвакуіравалі з вышыні  з дапамогай пад'ёмнікаў і кубоў выратавання.

Праверылі і падрыхтоўку работнікаў цэнтра. Яны, паводле слоў  супрацоўнікаў МНС, у экстраннай сітуацыі павінны быць гатовы даць патрэбную інфармацыю і дапамагчы ў выратаванні пацярпелых. Пасля завяршэння вучэнняў  ля сцен Нясвіжскага замка ратавальнікі  падвялі вынікі працы ў 2019 годзе: нагадалі самыя яскравыя моманты, адзначылі лепшых супрацоўнікаў і падзяліліся планамі развіцця на гэты год.