Майстар-класы ад медыйных асоб і лепшых выкладчыкаў журналістыкі

5 марта 2016

Вышэйшая адукацыя ў нашай краіне павінна быць практыкаарыентаванай. Такое меркаванне сёння падчас форуму студэнцкай журналістыкі выказаў Міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў. Каля паловы навучальнага часу ў нашай краіне ўжо аддаецца на саманавучанне студэнтаў. А правільна размеркаваць гэты час і частку яго аддаць для стажыроўкі па спецыяльнасці - задача маладога чалавека. Навучыць прымяняць свае веды на практыцы, па сутнасці, галоўная задача зімовай школы журналістыкі, якая адкрылася ў нашай краіне напярэдадні і сабрала больш за 250 будучых работнікаў сродкаў масавай інфармацыі з 6 краін свету. Чаму Беларусь ужо сёмы раз становіцца інтэрнацыянальнай пляцоўкай для падрыхтоўкі спецыялістаў мас-медыя, даведалася Улада Карніцкая.

CNN, BBC, Euronews - за 40 кіламетраў ад Мінска з'явіліся карпункты самых вядомых навінавых каналаў і інфармацыйных агенцтваў свету. А больш дакладна, імёнамі медыйных брэндаў свае каманды назвалі ўдзельнікі форуму моладзі. Усе яны - каля 250 чалавек - за парты селі разам. У ролі настаўнікаў на такіх майстар-класах - медыйныя асобы і лепшыя выкладчыкі журналістыкі.

Аб'ядноўвае кожнага тут адна мэта - стаць работнікамі тэлебачання, інтэрнэт-выданняў і газет, а, магчыма, і атрымаць Пулітцэраўскую прэмію. Менавіта для таго, каб навучыць, падштурхнуць і дапамагчы ахвотнікам дакрануцца да масмедыя, у 2004 годзе была створана зімовая школа студэнцкай журналістыкі пад патранатам Інстытута журналістыкі БДУ.

Зараз адна з асноўных тэм усіх майстар-класаў - журналістыка ў Інтэрнэце. А яшчэ інфаграфіка, эфектыўная фатаграфія і PR. Пры гэтым значнасць не страчваюць і веды аб друкаваных выданнях. Нават для замежных гасцей школы. Іх усяго тут каля сотні - з 6 краін свету.

Адной з эксклюзіўных магчымасцяў для кожнага сёння тут стала размова з міністрам адукацыі Беларусі. Ад жыццёвых пытанняў - інтэрнаты і стыпендыі да магчымасцяў стажыравацца ў лепшых СМІ краіны - каля 2 гадзін максімальна шчырай гутаркі.

Даведацца асновы журналістыкі і ўдасканаліць свае веды тут можна на працягу трох дзён - менавіта столькі доўжацца заняткі. У апошні дзень - 6 сакавіка - кожная каманда павінна будзе прадэманстраваць сваім выкладчыкам макет газеты з рэальнымі артыкуламі. Гэта і стане іспытам для кожнага.

Эфектыўнасць школы журналістыкі, гавораць эксперты, можна ўбачыць, напрыклад, вось на такой выставе. Тут прапанаваны студэнцкія выданні з розных краін, іх рэдактары - тыя, хто ўжо вучыўся на такіх курсах. Паводле слоў спецыялістаў, якасць гэтых газет значна лепшая, чым яшчэ 7 гадоў таму, калі такую экспазіцыю тут убачылі ўпершыню.