Майстар-клас ад лепшай трактарысткі Мінскай вобласці

18 января 2018

Сорак гадоў яна выконвае зусім не жаночыя абавязкі на палях і фермах сталічнага рэгіёна. Чалавек года, ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці Таццяна Захожая працуе трактарысткай. Сапраўдны прафесіянал, яе спрыт і майстэрства здзіўляюць многіх. Антаніна Станкевіч запісалася на майстар-клас да лепшай трактарысткі вобласці.

На просьбу паказаць усе свае дыпломы, узнагароды і граматы Таццяна Захожая жартуе: вам трэба было выпісваць камандзіроўку дні на... тры. І сапраўды, за больш як чатыры дзясяткі гадоў плённай працы артэфактаў назбіралася - нават падлічыць складана. Сама ж жанчына кажа, што нічога незвычайнага ў гэтым няма: пакаленне было такое, працавалі толькі старанна і самааддана.

Яшчэ пасля восьмага класа Таццяна вырашыла пайсці па слядах маці: яна таксама працавала трактарысткай. Пасля вайны па зразумелых прычынах ва ўсіх калгасах стваралі менавіта жаночыя брыгады. Вучылішча, праца ў гаспадарцы, акрамя таго, паспела выхаваць дваіх дзяцей, а зараз ужо і ўнукі падрастаюць.

Зараз Таццяна працуе на ферме - прывозіць і адвозіць корм жывёлам. Але з вясны пяройдзе, як і заўсёды, на самы адказны ўчастак работы. Апошнія 12 гадоў жанчына сее кукурузу - такая работа патрабуе дакладнасці і філіграннай манеры язды.

За плённую працу і самаадданасць жанчына якраз і атрымала званне «Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці». Дыплом і кветкі лепшым прадстаўнікам сваіх прафесій уручылі з нагоды юбілею сталічнага рэгіёна - вобласці споўнілася 80 гадоў.

Зараз Таццяна Захожая рыхтуе змену. Сваім майстэрствам ахвотна дзеліцца з маладымі калегамі. Але пры гэтым Таццяна Захожая на заслужаны адпачынак не спяшаецца. Калі спатрэбіцца яе дапамога, гатова выйсці ў поле.