Майстар з Маладзечна займаецца стварэннем і аднаўленнем лялек

28 января 2020
Дзве тысячы казачных герояў і паўсотні савецкіх лялек. Майстар з Маладзечна  Святлана Кузьмічова лялечнай справай займаецца амаль дзесяць гадоў. Кракадзіл Гена, Чабурашка, Папялушка -  герояў з савецкіх казак і мультфільмаў жанчына стварае сваімі рукамі з тканіны. Затым з персанажамі вандруе па беларускіх гарадах з уласнымі выставамі. Але асаблівыя адносіны ў майстра да лялек савецкага часу.  Прыгожых дзяўчат Святлана рэстаўрыруе і дорыць ім другое жыццё. Падрабязнасці  ў наступным сюжэце.  Гэта цацка  - пачынальніца дынастыі герояў ручной работы ад Святланы Кузьмічовай. За рулём сваёй швейнай машынкі майстар амаль дзесяць гадоў. А да пачатку творчага перыяду медык па адукацыі больш за 20 гадоў адпрацавала ў Гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. 

Зараз Святлана Кузьмічова не на жарт захапілася  героямі савецкіх мультфільмаў і казак  -  Папялушка, Бураціна, хітрая ліса і певень, Дзюймовачка, Снежная каралева. На нараджэнне аднаго героя неабходна некалькі дзён: сшыць, пафарбаваць, аздобіць. Затым героі з сюжэтаў казак вандруюць па ўласных выставах - мінімум дзесяць пляцовак за год. Акрамя цацак,  асаблівае месца ў творчасці займаюць савецкія лялькі. Іх жанчына рэстаўрыруе. 

Многія персанажы траплялі да Святланы ў зусім непрыдатным выглядзе. Тады майстар стварала ім абсалютна новы вобраз. За год атрымалася сабраць яшчэ адну калекцыю пад назвай «Другое жыццё». Так з’явіліся лялькі ваенныя, спартыўныя, стылягі і хіпі, прыгажуні ў народных касцюмах.  Зараз калекцыя «Другое жыццё» вандруе па розных гарадах Беларусі. А больш за дзве тысячы казачных герояў ручной працы ад маладзечанскага майстра пасяліліся ў новых гаспадароў з Амерыкі, Германіі, Францыі і краін Азіі.