Майстар з Мінска асвойвае японскую тэхніку канзашы

25 сентября 2018

Японскую тэхніку канзашы асвойвае майстар з Мінска Крысціна Майстрова. Яе вырабы ведаюць і за мяжой - у Ізраілі і Польшчы. Атласныя стужкі, арганза і карункі ўтвараюць сапраўдныя пялёсткі. На адну работу патрэбны кіламетры тканіны. Як у руках майстра пераплятаюцца культуры - матэрыял Юліі Токар.

Яе асноўныя інструменты - іголка і маленькія адрэзкі тканіны. Атласныя каляровыя стужкі Крысціна Майстрова ўдала пераплятае ў адмысловыя аб'ёмныя фігуры. ЗД-лебедзі, лялькі-шкатулкі, навагоднія дрэвы – за дзясяткі карпатлівых гадзін увасабляе японскую тэхніку канзашы.

Майстры камбінуюць самы разнастайны матэрыял: атласную стужку ў гарох, арганзу, шоўк, люрэксную тканіну і нават карункі. Невялічкія адрэзкі пэўнай формы складаюць у пялёсткі некалькіх відаў.

Такімі спрытнымі рухамі кіламетры стужак пераплятаюцца ў элементы дэкору: шкатулкі ў форме сэрца, аздобленыя кветкамі, абручы, заколкі. Ацаніць аксесуары, зробленыя ўручную, адразу дапамагае маленькая 6-гадовая дачка Мілана.

Распрацоўка пачынаецца з эскіза. А далей стужкамі ствараецца форма кампазіцыі. Напрыклад, крылы вось гэтай ганарлівай птушкі складаюцца з паўтысячы вострых пялёсткаў.

Як правіла, кампазіцыі ў майстра не затрымліваюцца. Элементы дэкору і інтэр'еру Крысціны Майстровай карыстаюцца попытам не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Латвіі, Польшчы, Ізраілі. У найбліжэйшы час майстар у тэхніцы канзашы плануе асвоіць і мужчынскую тэму – сабраць падводную лодку і ваенны самалёт.