Масавыя гулянні прадоўжацца ў сталіцы да позняга вечара

3 июля 2017

Наш карэспандэнт Таццяна Кароль зараз знаходзіцца ў Верхнім горадзе (прамое ўключэнне).

У Верхнім горадзе ўвесь дзень гучыць музыка - тут ужо паспелі выступіць творчыя калектывы, і, як падказваюць арганізатары, праз некалькі хвілін канцэрт прадоўжыцца. Толькі што завяршыўся перформанс клубаў гістарычнай рэканструкцыі. Ён выклікаў у гледачоў без перабольшання захапленне.

Кожны мог нароўні з артыстамі, пераапранутымі ў форму ваенных гадоў, акунуцца ў рытмы музычных кампазіцый далёкіх саракавых. Тут жа размешчана і фотазона, нават ёсць магчымасць пастраляць з лука. Наведвальнікам, асабліва маленькім, вельмі падабаецца.

Ля Палаца спорту свята працягваецца. Аж да паўночы тут будзе працаваць кірмаш з летнімі кафэ. Канцэрт на гэтай пляцоўцы таксама працягваецца, і яшчэ не позна прагуляцца па горадзе майстроў. Тут жа завяршыліся спартыўныя спаборніцтвы па сілавым экстрыме.

Такое ветранае надвор'е радуе і яшчэ адных спартсменаў - у акваторыі вадасховішча Дразды завяршыліся спаборніцтвы па парусным спорце. Таксама пад знакам Дня Незалежнасці. Восем каманд (адзначу, гэта маленькія беларусы) на сваіх яхтах спусціліся на ваду прадэманстраваць уменне кіраваць гэтым водным транспартам.

Завершыць урачыстасці святочны салют. Ён расфарбуе неба над Беларуссю роўна ў 23:00. Толькі ў Мінску салют будзе дадзены трыццаццю залпамі з шасці пунктаў горада.

Ну а пакуль, каб адчуць атмасферу свята, далёка ісці не абавязкова - можна проста выйсці з дома. У Чыжоўцы, Курасоўшчыне, Малінаўцы - усюды знойдзецца чым заняцца. У 21:00 ля стэлы "Мінск - горад-герой" пачнецца гала-канцэрт, але вось тое, што па-сапраўднаму застаецца ў памяці,- гэта акцыя "Праспяваем гімн разам". Сотнямі тысяч галасоў у кожным рэгіёне, горадзе, гарадку і пасёлку нацыянальны гімн выканаем без пяці адзінаццаць. Далучыцца да хору яшчэ ёсць час і ў вас.