Масавая нарыхтоўка чарніц працягваецца ў Мінскай вобласці

22 июля 2015

За тры тыдні збору спажывецкія кааператывы Мінскай вобласці нарыхтавалі 400 тон карыснага прадукту. Частка ягад адразу пастаўляецца на продаж у рознічныя гандлёвыя сеткі, астатняя замарожваецца для наступных паставак на экспарт. Паказчыкі нарыхтоўкі чарніц ужо зараз перавышаюць мінулагоднія, але сезон збору яшчэ не завершаны.

Надзея Сербіненка даведалася, як нарыхтоўваюць чарніцы ў Мінскай вобласці.

Магазін “Лагойскі пасаж” – адзін з самых буйных у раёне. Тут заўсёды можна набыць свежыя ягады, грыбы, фрукты і гародніну – усё з лагойскіх падворкаў. Зараз на прылаўках шмат чарніц, чорных і чырвоных парэчак. Сезон збору менавіта гэтых ягад у самым разгары.

Набыць свежыя чарніцы можна ва ўсіх буйных магазінах вобласці. І цана часта ніжэйшая за рыначную, бо магазіны Белкаапсаюза купляюць ягады напрамую ў насельніцтва. Гэта дапамагае пазбегнуць дадатковай нацэнкі тавару.

У магазіны ягады і грыбы прывозяць з невялікіх вёсак. Адзін з самых буйных пунктаў нарыхтоўкі знаходзіцца ў Швабах. На працягу дня сюды прывозяць сотні кілаграмаў лясной прадукцыі не толькі з Лагойскага, але і суседніх раёнаў.

Для Яніны Зарэмбы зараз напружаная пара. Збірае чарніцы яна разам з дзвюма дачкамі і часам двойчы за дзень: да пачатку працы – а сёмай гадзіне раніцы і пасля сямі вечара. Зарабіць на чарніцах падчас удалага сезона можна нядрэнна. Па словах вопытных збіральшчыкаў ягад, многае залежыць і ад надвор’я.

У канцы кожнага дня ўся набытая ў насельніцтва прадукцыя трапляе ў раённае сховішча для гародніны. Тут садавіну, агародніну, ягады сартуюць, чысцяць і пакуюць. Частку свежых чарніц адразу адпраўляюць на продаж у рознічную сетку магазінаў раёна і ў Мінск, астатнюю замарожваюць. Каб чарніцы захавалі ўсю карысць, іх падвяргаюць шокаваму замарожванню пры тэмпературы мінус 25 градусаў. Цвёрдая, як камень, у такім выглядзе ягада можа захоўвацца доўга. Менавіта ў такім выглядзе яе адпраўляюць на экспарт. Лагойскую ягаду ахвотна купляюць у Польшчы, Расіі, Літве і Латвіі.

Здаць чарніцы можна ад 21 да 30 тысяч рублёщ за кілаграм – у залежнасці ад раёна. Закупачныя цэны Белкаапсаюз трымае на канкурэнтаздольным узроўні. Таму людзі, якія збіраюць ягады вялікімі аб’ёмамі, здаюць іх у асноўным спажыўкааперацыі, а не прыватным перакупшчыкам. Але ўсё ж на аб’ёмы нарыхтаванай ягады сёлета паўплывала не вельмі спрыяльнае надвор’е.

Акрамя чарніц, прадпрыемствы спажыўкааперацыі вобласці ўжо закупілі ў насельніцтва 14 тон чырвоных парэчак і 23 тоны чорных. У асноўным гэтую ягаду выкарыстоўваюць заводы безалкагольных напояў і буйныя харчовыя камбінаты цэнтральнага рэгіёна.