Масавая вакцынацыя ад грыпу працягваецца

9 октября 2017

У першую чаргу прышчэпкі робяць школьнікам, пажылым, а таксама пацыентам з хранічнымі захворваннямі. 10 працэнтаў жыхароў сталіцы ўжо абаранілі сябе ад вірусу, усяго ж у Мінску і вобласці плануецца вакцынаваць да 40 працэнтаў насельніцтва.

У Крупскім раёне курсіруе перасоўны фельчарска-акушэрскі пункт - вакцыну прывозяць з дастаўкай дадому. Антаніна Станкевіч ведае, як засцерагчы сябе ад грыпу.

Звычайна ў гэтай амбулаторыі чэргаў няма - усё ж такі людзей у вёсцы Ухвала Крупскага раёна жыве нямнога. Але сёння тут - аншлаг. Амаль што ў поўным складзе прыйшлі адразу 6-ы, 7-ы, 8-ы і 9-ы класы. На прышчэпку. Каб узімку не хварэць.

Перад паходам у працэдурны кабінет - менавіта там робяць прышчэпку - агляд педыятра. Урач правярае тэмпературу, горла, ціск - некалькіх дзяцей адпраўляюць падлячыцца. Прышчэпку нельга рабіць пры дрэнным самаадчуванні. І абавязковае пытанне для кожнага пра наяўнасць алергіі.

А гэтая брыгада ўрачоў накіроўваецца да пацыентаў. Прышчэпка з дастаўкай дадому - тут магчымы нават такі сэрвіс.

Рыма Шастаковіч на прышчэпку заўсёды ў першых шэрагах. Таму, дзеліцца жанчына, узімку і не хварэе. Няма ні часу, ні жадання, жартуе пенсіянерка. Раней сама ездзіла ў найбліжэйшую амбулаторыю. А сёння ўрачы прыязджаюць літаральна да парога.

Паспець прышчапіць людзей, і ў першую чаргу тых, хто з групы рызыкі, павінны да сярэдзіны лістапада, каб імунітэт паспеў выпрацавацца. Масавая вакцынацыя дазваляе пазбегнуць эпідэміі грыпу - летась, напрыклад, фіксавалі хіба што адзінкавыя выпадкі.

Масавая вакцынацыя дазваляе эканоміць і бюджэтныя сродкі. Спецыялісты падлічылі: кожны ўкладзены ў вакцынацыю рубель узімку дазваляе эканоміць 10 на бальнічных лістах і леках.