Калі на рахунку кожны пагодны дзень! Масавая ўборка працягваецца ў Мінскай вобласці. Аграрыі асвоілі ўжо каля 10 % плошчаў. Каравай цэнтральнага рэгіёна важыць больш за 170 тысяч тон.
Прыбіраюць зараз ячмень, жыта, трыцікале, пшаніцу. Дарэчы, пад гэту ўраджайную культуру ў гаспадарцы "Палачаны" Маладзечанскага раёна адвялі каля 700 гектараў. На хлебнай ніве пабывала Алена Вітко.
Хлебны сезон - 2021
Залатое зерне новага ўраджаю ў гаспадарцы "Палачаны" Маладзечанскага раёна палілося ракой. Першая партыя - пробная: яе якасць і гатоўнасць праверылі спецыяльнай прыладай. Зрэшты, пераканацца ў тым, што аптымальныя тэрміны ўборкі хлеба падышлі, можна нават візуальна.
Доўгі і напоўнены колас, сухое сцябло і раўнамерны залаты колер - азімая пшаніца на гэтым полі саспела. Аграрыі плануюць атрымаць дзесьці 60 цэнтнераў з гектара. Добрую ўраджайнасць у гаспадарцы чакаюць і ад іншых культур. Пад збожжа тут адвялі паўтары тысячы гектараў.
Намалаціць за сезон плануюць больш за 7,5 тысячы тон збожжа. Гэта на 15-20 % больш, чым летась. Такія вынікі магчымыя толькі пры ўмове строгага выканання агратэхналогій.
Усяго на хлебныя нівы выйшлі 6 камбайнаў. Гэты тандэм склаўся літаральна перад стартам. Андрэй Цярэшка ў маі вярнуўся з арміі, а зараз побач з татам на жніве.
Працы хлебаробам будзе шмат. Пад раллю адвялі больш за 3 300 гектараў. У тым ліку каля 700 - пад пшаніцай, з ячменем яшчэ 500.
Тэмпы жніва сёлета высокія: збожжа прыбіраюць разам з рапсам з-за сёлетніх асаблівасцей надвор'я. Аграрыі выйшлі ў палі раней, чым звычайна. Ужо абмалацілі каля 10 % плошчаў. Сярод лідараў па ўраджайнасці хлеба - Нясвіжскі раён: гэта больш за 60 цэнтнераў з гектара. Капыльскія, слуцкія і мінскія нівы даюць каля 50. У сярэднім такія ж паказчыкі і па Маладзечанскім раёне. Усяго аграрыям вобласці трэба абмалаціць каля паўмільёна гектараў збожжа. Завяршыць масавую ўборку плануюць за 3-4 тыдні.













