Памятнай даце сёння прысвечаны маштабны рэспубліканскі аўтапрабег. Шматлікія калоны з усіх абласцей і раёнаў сустрэліся на Кургане Славы. Месца сустрэчы патрыётаў абрана не выпадкова - гэты рукатворны помнік вырас на скрыжаванні дарог у гонар Вялікай Перамогі. Узгорак, вышынёй 35 метраў, насыпалі літаральна па жменьках, зямлю прывозілі з гарадоў-герояў СССР, а таксама з розных населеных пунктаў, што пацярпелі падчас Вялікай Айчыннай. На вяршыні Кургана Славы - скульптурная кампазіцыя з чатырох штыкоў - як сімвала чатырох франтоў, што змагаліся за вызваленне Беларусі.
Калона больш чым з 200 аўтамабіляў накіравалася да мемарыяльнага комплекса "Хатынь". Удзельнікі рэспубліканскага патрыятычнага аўтапрабегу далучыліся да марафона памяці: да Вечнага агню ўсклалі жывыя кветкі і ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.
Да патрыятычнага марафону беларусы далучыліся разам з сем’ямі, калегамі, сябрамі - аўтапрабег аб'яднаў некалькі соцень чалавек. Усебеларуская малітва ў Хатыні працягнецца да позняга вечара.













