Маштабны форум "СМІ ў Беларусі" адкрываецца сёння

3 мая 2017

Інфармацыйная бяспека ў сучасным свеце. Гэта асноўная тэма выставы "СМІ ў Беларусі". Маштабны форум адкрываецца сёння. На ім будуць паказаныя каля сотні інфармацыйных рэсурсаў з усёй краіны. Таксама свае стэнды падрыхтавалі і замежныя госці. Сёлета ў Мінску будуць выстаўленыя медыя з Расіі і Кітая. Журналісты з КНР прымаюць удзел у выставе ў рамках прэс-тура па Беларусі.

Аляксандр Карлюкевіч, намміністра інфармацыі Беларусі: "Сёння і мы вельмі моцна прысутнічаем інфармацыйна ў КНР. Ім хочацца ведаць, што гэта за краіна, што мы сабою ўяўляем, які наш менталітэт, з якімі правіламі і падыходамі мы будуем сваю дзяржаву".

Будзе арганізаваная на выставе і шырокая забаўная праграма. Госці змогуць пазнаёміцца з новымі праектамі вядучых беларускіх СМІ, а таксама пагутарыць з прадстаўнікамі масмедыя. Урачыстае адкрыццё форуму адбудзецца сёння апоўдні ў Нацыянальным выставачным цэнтры "Белэкспа".