Выбух на дамбе, уцечка нафтапрадуктаў, крушэнне катара з людзьмі на борце, горад на мяжы катастрофы. Паводле такіх сцэнарыяў сёння правялі маштабныя вучэнні спецслужбы Мінскай вобласці. Наколькі аператыўна ліквідуюць наступствы тэхнагенных ці прыродных катаклізмаў? І як у гэтым дапамагаюць высокія тэхналогіі?
Аляксей Кандраценка ацаніў боегатоўнасць выратавальнікаў. Дамба Вілейскага вадасховішча - адзін з буйных аб'ектаў сістэмы водазабеспячэння Мінскай вобласці. Менавіта тут, паводле легенды вучэнняў, здараецца надзвычайная сітуацыя.
Выбух на дамбе. Зламыснікі хаваюцца, але ненадоўга. Праз некалькі хвілін група захопу знаходзіць і абясшкоджвае дыверсантаў.
Так працуе план перахопу Шчыт. На перадавой - спецслужбы Міністэрства ўнутраных спраў. Пашкоджанні ў плаціне між тым ліквідуюць. Але ад гэтага выратавальнікам не лягчэй. Непадалёк тоне катар з людзьмі на борце. У бой уступае група вадалазаў.
Не толькі на вадзе, але і ў небе! Над Вілейкай тым часам патрулюе Бусел М. Беспілотны авіякомплекс МНС каардынуе працу спецслужбаў з вышыні.
Ліквідацыя наступстваў ад уцечкі нафтапрадуктаў і выратаванне на вадзе і сушы - толькі некаторыя задачы маштабных вучэнняў.
Задачы выкананыя, пацярпелых і ахвяраў няма - галоўны вынік аператыўнага трэнінгу. Жыццё людзей, а таксама кантроль над сітуацыяй - лепшая ацэнка працы спецыяльных службаў Мінскай вобласці.














