Маштабна, урачыста беларусы адзначылі вялікае свята

10 Мая 2017

Маштабна, урачыста і да глыбіні душы хвалююча беларусы адзначылі вялікае свята, якое для кожнага з нас асаблівае. У мерапрыемствах 9 Мая прынялі ўдзел 650 тысяч грамадзян. Вядома, галоўнымі героямі, галоўнымі гледачамі былі нашы пераможцы - нашы ветэраны. Для іх сотні канцэртаў і святочных мерапрыемстваў па ўсёй краіне. Разам з жывымі сведкамі тых дзён на сваім свяце нябачна прысутнічалі і тыя, хто не дайшоў да мірнай вясны. На Беларусь яны глядзелі з партрэтаў у руках сваіх унукаў і праўнукаў. У гэты дзень разам з беларусамі паводле традыцыі і Кіраўнік дзяржавы. Асаблівая атмасфера, жывыя зносіны і эмоцыі, ад якіх у стоайкіх салдат той Перамогі з’яўляліся слёзы. Ужо ўвечар на Плошчы Перамогі ля Вечнага агню адбылося тэатралізаванае шоу, якое сабрала тысячы людзей як у самім цэнтры Мінска, так і ля экранаў тэлевізараў. І, вядома, апагеем дня стаў маляўнічы салют, які стартаваў у пяці пунктах сталіцы адначасова. Самыя яркія моманты святочнага дня - у рэпартажы Іны Пілевіч.

Менавіта сюды ў 72-ую гадавіну Вялікай Перамогі людзі неслі кветкі, не хаваючы слёз. Да манумента на плошчы Перамогі і Вечнага агню з самай раніцы шло маладое пакаленне беларусаў - нашчадкі салдат саракавых. Сказаць дзякуй бацькам, дзядам і прадзядам за тое, што абаранілі незалежнасць і суверэнітэт сваёй Радзімы, падарылі нам мірнае жыццё.

Велічны архітэктурны ансамбль у самым сэрцы Мінска стаў цэнтрам святочных падзей. Апоўдні на Плошчы Перамогі сабраліся тысячы беларусаў. Сярод іх і галоўныя героі свята - ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Ля Вечнага агню прайшла цырымонія ўскладання вянкоў і кветак да манумента ў рамках акцыі "Беларусь памятае". Паводле традыцыі ў гэты дзень разам з беларусамі і Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка прыбыў на плошчу разам з сынам Мікалаем.

Беларусы памятаюць подзвіг герояў і не забудуць, якой цаной нам дасталася перамога. Хвіліна маўчання ў памяць аб тых, хто не вярнуўся, аб кожным трэцім загінуўшым, за сотні дзён ратнага подзвігу, барацьбы за жыццё і за краіну.

Выступаючы на цырымоніі, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў - нельга дапусціць, каб гісторыя Вялікай Перамогі была перапісана. Беларускі народ ніколі не перастане пакланяцца перад мужнасцю сваіх землякоў, якія прайшлі праз пякельны агонь вайны. Памятаючы гэтыя ўрокі, наша краіна і надалей будзе праводзіць палітыку добрасуседства і міралюбнасці.

Шырока адзначалі гадавіну Вялікай Перамогі ва ўсіх кутках рэспублікі. І нават пахмурнае надвор'е не ўплывала на настрой людзей. Так, у горадзе над Бугам паводле традыцыі цэнтральнай пляцоўкай стала Брэсцкая крэпасць. Сюды ўрачыстым шэсцем ад цэнтра горада ў адной калоне прайшлі каля 30 тысяч чалавек. Кадэты пранеслі фатаграфіі пагранічнікаў 9 заставы, якія стойка ваявалі з праціўнікам у першыя дні вайны.

Таццяна Капайцава, удзельніца акцыі "Беларусь памятае!": "Гэта мае дзядулі, якія ваявалі. Маюць узнагароды. Прайшлі праз усю вайну, маюць раненні. Для дзядуль гэта было самае светлае свята ў іх жыцці. Мы заўсёды яго адзначалі. Таму не прыйсці сёння мы проста не можам".

Святочныя мерапрыемствы ў Гродне пачаліся з шэсця і мітынгу ля Кургана Славы. Шматтысячная калона прайшла па праспекце Касманаўтаў. Пасля вянкі і жывыя кветкі леглі да Вечнага агню. Урачыстым маршам прайшлі войскі Гродзенскага гарнізона.

Валянціна Баранава, ветэран Вялікай Айчыннай вайны: "Мы бачым тут моладзь розных пакаленняў - ад школьнікаў да студэнтаў і курсантаў. І хочацца ім сказаць: радуйцеся, жывіце і ніколі не забывайце, якой цаной заваяваны гэты мір, які мы святкуем ужо 72 раз".

У Магілёве афіцыйныя мерапрыемствы пачаліся з ускладання кветак на Буйніцкім полі. Подзвіг гараджан, якія разам з чырвонаармейцамі абаранялі свой горад у далёкім 41-м, лічаць другім па маштабах пасля Брэсцкай крэпасці. 23 дні абароны. Была спынена танкавая армія і тысячы салдат вермахта. Хвілінай маўчання і зброевымі залпамі тут ушанавалі памяць тых, хто абараняў краіну цаной свайго жыцця.

У Віцебску кветкі ўсклалі да бронзавага бюста Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы Пятра Машэрава. У гады Вялікай Айчыннай ён быў адным з арганізатараў падполля і партызанскага руху.

Святочнае шэсце ў Гомелі стала адным з самых масавых за ўсю гісторыю ўрачыстасці і расцягнулася практычна на кіламетр.

Аляксей Піменаў, ветэран Вялікай Айчыннай вайны: "На душы цёпла ад усяго прыемнага, добрага. Вось холадна, а эмацыянальна цёпла, таму што ўсё добра ў рэспубліцы, людзі задаволеныя. Маса людзей, маса дзяцей крычаць: "За перамогу". Радуецца душа, нездарма мы заваявалі вам мір і свабоду".

Пасля завяршэння парада пераможцаў гарадскія вуліцы на дзень ператварыліся ў музеі, канцэртныя залы і тэатры - усяго 25 пляцовак. Яркім момантам святкавання стала масавае выкананне песні "Дзень Перамогі".

Да свята Вялікай Перамогі далучыліся байцы муай-тай. Чэмпіянат свету, які гэтымі днямі праходзіць у беларускай сталіцы, спынілі на выхадны, каб спартсмены наведалі гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна" і ўбачылі рэканструкцыю бою Вялікай Айчыннай вайны - "Берлінская аперацыя". Сярод гледачоў атлеты з Аўстраліі, Філіпін, Канады, Перу і Індыі. Байцы муай-тай змаглі пакаштаваць салдацкай кашы і зрабіць сэлфі на фоне ваеннай тэхнікі.

Ёхан Рысберг, старшыня шведскай Федэрацыі тайландскага бокса: "Уражанні выдатныя. Дзіўна было ўбачыць усю гэтую старую ваенную тэхніку ў рабочым стане. Вядома жа, я ведаю аб Другой сусветнай вайне. Мы праходзілі яе ў школе. Плюс я і сам шмат кніг па гэтай тэме чытаў. Таму для мяне гэта вялікі дзень - убачыць усё гэта. Шмат эмоцый".

Акумуляцыя свята - зноў плошча Перамогі. Тут адбылося галоўнае тэатралізаванае шоу. Ля Вечнага агню і абеліска ў Мінску былі ўсталяваны памосты для Прэзідэнцкага аркестра, мікрафонныя стойкі для артыстаў, словам, арганізавана сапраўдная канцэртная зала пад адкрытым небам. У паўтарагадзіннай праграме - кампазіцыі і вершы, якія дапамагалі нашым дзядам і прадзедам не пасці духам у гады Вялікай Айчыннай і нягледзячы ні на што верыць у перамогу.

Гучалі знаёмыя некалькім пакаленням песні "Я люблю цябе, жыццё", "Выпадковы вальс", "Адзінокая блукае гармонь", "Цёмная ноч".

У імправізаваным партэры - ветэраны, прадстаўнікі дыпмісій, значна больш гледачоў - на праспекце. Спецыяльна да свята цэнтральная магістраль краіны часткова стала пешаходнай. Дзякуючы вялікім экранам сачыць за ўсім можна нават на вялікай адлегласці. Шоу сабрала гледачоў і ля экранаў тэлевізараў. Тэлеканал "Беларусь 1" і спадарожнікавы "Беларусь 24" вялі прамую трансляцыю.

Пра вайну ў 3Д. Упершыню ў Дзень Перамогі пра подзвіг беларускага народа распавядаюць з дапамогай мапінга. Гэтая тэхналогія дазваляе праецыраваць відэарад на будынкі адразу за абеліскам. У 5-хвіліннай 3Д-гісторыі - ключавыя моманты Вялікай Айчыннай: ад абароны Брэсцкай крэпасці да вызвалення Мінска.

Па традыцыі кульмінацыяй Дня Перамогі стаў святочны салют. Рознакаляровая феерыя пачала асвятляцьь неба над Мінскам роўна ў 11 гадзін вечара і прадоўжылася каля 10 хвілін. Па 30 залпаў былі зробленыя з пяці пунктаў горада.

Салютавалі ў гонар перамогі і ў абласных цэнтрах. Урачыстасці прайшлі без здарэнняў. Ва ўсёй рэспубліцы быў забяспечаны грамадскі парадак. Ва ўрачыстасцях з нагоды 72-й гадавіны Вялікай Перамогі прынялі ўдзел 650 тысяч беларусаў. 


Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя