Маштабная рэканструкцыя аперацыі "Баграціён" да Дня Незалежнасці праходзіць на "Лініі Сталіна"

2 июля 2018

Гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна" таксама рыхтуецца сустрэць 3 Ліпеня. Сёння там разгортваецца маштабная рэканструкцыя аперацыі "Баграціён". Арыгінальная тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны, сотні акцёраў з дзясяткаў краін і інтэрактыўныя зоны для дзяцей.

Зараз на месцы працуе і наша здымачная група. На сувязі - Аляксандр Камовіч.

Нягледзячы на не самае ўтульнае надвор'е, сёння тут, на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу, шматлюдна. Прама зараз на асноўнай пляцоўцы праходзіць рэканструкцыя аперацыі "Баграціён". Адзначу, што падобная пастаноўка праходзіць тут ужо 12-ы раз, і, як правіла, фэст прыцягвае вялікую колькасць людзей.

Невялікая гістарычная даведка: аперацыя "Баграціён" праводзілася на нашай тэрыторыі з чэрвеня да жніўня 1944 года. Падчас гэтай буйнамаштабнай наступальнай аперацыі была вызваленая БССР і амаль цалкам разгромленая германская група армій "Цэнтр", пасля чаго Германія была не ў стане папоўніць панесеныя страты. У рамках фэсту на "Лініі Сталіна" праводзяць маштабную рэканструкцыю, якая прысвечаная гэтым падзеям. Дадам, што такія пастаноўкі праводзяць пры падтрымцы Міністэрства абароны. А асаблівую адметнасць дадае парк арыгінальнай тэхнікі. Аб тым, чым будзе здзіўляць комплекс сёлета, нам распавёў дырэктар па развіцці і прасоўванні "Лініі Сталіна" Міхаіл Мятла.

Кожны год сюды з'язджаюцца тысячы гасцей, а таксама непасрэдных удзельнікаў рэканструкцый. Сёлета заяўкі на ўдзел падалі гістарычныя клубы з Беларусі, Расіі, Украіны, Славакіі, Чэхіі і Польшчы. Агульная колькасць - больш як 200 чалавек. Таксама для наведвальнікаў комплексу падрыхтаваная забаўляльная праграма з мноствам актыўных зон, якія асабліва падабаюцца дзецям. Тут працуе школа артылерыста, віктарына "Аперацыя "Баграціён", пляцоўка перашкод "Сцежка разведчыка".

Пераможцы спаборніцкай пляцоўкі могуць бясплатна паўдзельнічаць у экстрэмальнай праграме адпачынку - катанні на танку. Дадам, што праграма цяперашняга фэсту разлічаная да самага вечара. Яшчэ магчыма наведаць тэматычныя пляцоўкі, фудкорт, квэсты і анімацыі, а таксама выставу ваеннай тэхнікі.