Маштабная акцыя "Слаўся зямлі нашай светлае імя" прайшла на плошчы Дзяржаўнага флага

15 мая 2017

Напярэдадні - у яшчэ адзін значны для краіны і кожнага дзень - у Дзень дзяржаўных сімвалаў краіны - Белтэлерадыёкампанія арганізавала маштабную акцыю "Слаўся зямлі нашай светлае імя". На плошчы Дзяржаўнага флага людзі разам выканалі адзін з атрыбутаў суверэнітэту - гімн Беларусі. Зводны хор - гэта тысячы галасоў нашых суайчыннікаў. Акампанемент - адразу некалькі аркестраў. Аб музычна-патрыятычным дзействе - Алена Борматава.

Месца атрыбутаў суверэнітэту Беларусі - плошча Дзяржаўнага флага - самая маладая ў Мінску. Яе адкрылі толькі ў 2013 годзе, аднак яна стала тым знакавым аб'ектам, які аб'ядноўвае нацыю, сапраўдным сімвалам незалежнай краіны. У Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага флага плошча беларускіх сімвалаў зноў стала месцам яднання народа.

Тры тысячы чалавек разам выканалі сакраментальнае для Беларусі "Слаўся зямлі нашай светлае імя". Акцыя Белтэлерадыёкампаніі разам сабрала людзей розных узростаў. Школьнікі, служачыя, ваенныя, грамадскія і палітычныя дзеячы, навуковая і культурная эліта - сучаснасць і будучыня нашай краіны.

Станіслаў Трыфанаў, саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, заслужаны артыст Беларусі: "Гонар за сваю краіну, за свой флаг, за сімвалы, за герб, за гімн. Гэта вельмі важна - выхоўваць. І важна самім гэтым ганарыцца не па святах. А кожны дзень любіць сваю краіну. І, напэўна, вось з такіх акцый пачынаецца вялікая любоў, якую не трэба ўпіхаць у чалавека, а якая ў ім з малаком маці зараджаецца".

Акцыя стала фіналам буйнога праекта-конкурсу на арыгінальнае выкананне гімна, які праводзіў Першы канал Беларускага радыё. Больш як 50 заявак, амаль дзве тысячы ўдзельнікаў з усіх абласцей Беларусі. Некалькі тураў. І ў фінале 800 чалавек, якія разам з народнымі артыстамі, заслужанымі і ўзорнымі калектывамі на плошчы Дзяржаўнага флага выканалі галоўную песню нацыі.

Антон Васюкевіч, галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё: "На працягу прыёму заявак на наш конкурс мы ўпэўніліся ў тым, што вельмі шмат людзей неабыякавыя, у якіх глыбокае пачуццё павагі і кахання да дзяржаўных сімвалаў. Таму апагей і кульмінацыю нашага конкурсу мы вырашылі правесці менавіта тут".

Гімн мае сваё эталоннае гучанне. Яго мы чуем на розных дзяржаўных і ўрадавых мерапрыемствах, спартыўных спаборніцтвах. Двойчы на дзень ён гучыць у эфіры тэле- і радыёканалаў - напачатку і напрыканцы вяшчання. Згодна з умовамі конкурсу, музычная інтэрпрэтацыя галоўнага твора нацыі не павінна супярэчыць эталону, а партытура і тэкст заставацца нязменнымі. І, вядома, нельга дапускаць знешнюю эпатажнасць. Зрэшты, усё гэта прапісана ў законах. Арыгінальнасць выканання – гэта, хутчэй, выканальніцкая рэдакцыя.

Анастасія Масквіна, салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, народная артыстка Беларусі: "Гімн выдатны. Вельмі патрыятычная музыка, вельмі патрыятычныя словы. Мы, як салісты Вялікага тэатра Беларусі, з вялікім гонарам удзельнічаем у гэтым праекце".

Канцэпцыя акцыі - у выкананні знакавых для Беларусі музычных і літаратурных твораў. Песні і вершы розных эпох і жанраў аб'яднаныя любоўю да нацыі і гонарам за нашу шматвекавую гісторыю.

Выкананне гімна стала кульмінацыйным момантам музычна-патрыятычнай акцыі. Яе тэлеверсію хутка можна будзе ўбачыць на тэлеканалах галоўнага медыяхолдынга краіны.