МАРГ і Мінаховы здароўя вырашаюць праблемы асартыменту і цэнаў на лекі

18 августа 2019

Праблемы асартыменту і цэнаў на лекі вырашаюць разам Мінаховы здароўя і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Па кошце сёлета вялікіх скачкоў няма. Да таго ж з года ў год павялічваецца доля ўласных прэпаратаў. Калі 7 гадоў таму іх  было толькі 18 %, то зараз больш за 50. Айчынныя таннейшыя за дарагія замежныя аналагі і, як запэўніваюць спецыялісты, у якасці не саступаюць. Гэта, безумоўна, плюс у даступнасці патрэбнай таблеткі. Але ў той жа час у нашых аптэках скарачаецца колькасць лекаў замежных вытворцаў. І каб дастаць патрэбны сродак, беларусы едуць у расійскае прымежжа або заказваюць дастаўку праз Інтэрнэт.

Да таго ж нярэдкія папрокі: у Расіі і Літве лекі таннейшыя. Ці ёсць вырашэнне гэтай праблемы? І ці будзе павялічаны спіс прэпаратаў пад фіксаваную адпускную цану ад пастаўшчыка?

Разбіралася наш карэспандэнт Святлана Лук’янюк. Пошук патрэбных лекаў каштаваў Кацярыне вялікіх нерваў. Лік ішоў на дні. Калі страчваеш зрок і патрэбныя ін'екцыі, а іх у Беларусі няма, то любыя грошы заплаціш.

Пакуль чакала, паралельна штудзіравала сайты. Прапаноўваюць даставіць лекі праз некалькі дзён. Аплата розная. У Кацярыны прасілі за дастаўку 40 рублёў. Гэта палова ад кошту патрэбнай колькасці ампул. Думала ўжо купляць білет да Масквы. Але дапамаглі знаёмыя.

Мы пераканаліся самі: знайсці такі сайт з прывозам лекаў няцяжка. Медыцынскія сродкі з Расіі, Германіі, Ізраіля літаральна за некалькі дзён. Мы вырашылі патэлефанаваць па адным з нумароў (прапаноў і сайтаў у Інтэрнэце шмат), каб даведацца, як хутка нам змогуць прывезці неабходны прэпарат, напрыклад, з Масквы.

Калі такія сайты ёсць, значыць і попыт на патрэбныя лекі і тыя, што адсутнічаюць, вялікі. Атрымліваецца, беларусы проста пераплачваюць за таблеткі. Можа, было б прасцей дамовіцца з афіцыйнымі пастаўшчыкамі, прыняўшы іх умовы, чым фактычна даваць зялёнае святло дастаўцы з-пад крысы? Вядома, каб папоўніць недахоп, у Беларусі павялічваецца колькасць джэнерыкаў, аналагаў імпартных сродкаў. Зараз у нас ужо больш за 50 % лекаў айчынныя. І такія суадносіны, сцвярджаюць у адной аптэчнай сетцы, захоўваюцца некалькі гадоў.

Так, беларускія таннейшыя. Львіная доля да 5 долараў у эквіваленце. Але і імпартныя не даражэюць. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пастаянна маніторыць кошт у аптэчнай сетцы па ўсёй краіне. І па паўгоддзі цэны толькі трохі падраслі. Важнае пытанне, безумоўна, - абгрунтаванасць цаны на лекі з улікам у першую чаргу даходаў людзей. Але яшчэ больш важнае - наяўнасць прэпаратаў у нашых аптэках. Шырокі асартымент і айчынных, і замежных прэпаратаў, каб у кожнага з нас быў выбар, што купляць. А на практыцы мы бачым: колькасць найменняў скарачаецца. І гэта дрэнна для пацыентаў, асабліва калі беларускіх аналагаў няма.

Праблема з асартыментам у Беларусі застаецца пакуль адкрытай. Калі ў 2016 годзе ў дзяржрэестры лекавых сродкаў было амаль 5 тысяч прэпаратаў, то ў 2017-м крыху больш за 4,5 тысячы. На пачатак гэтага года 4 247. Для параўнання: напрыклад, ва Узбекістане зарэгістравана каля 9 тысяч найменняў лекаў, ва Украіне за 10 тысяч. А ў Расіі больш за 13,5 тысячы.

Нельга сказаць, што беларускі рынак малаёмісты і нецікавы замежным пастаўшчыкам, каб яны сюды прыходзілі, пралічыўшы і прыбытак, і ўсе выдаткі на лагістыку. Эксперымент па рэферэнтным цэнаўтварэнні (калі параўноўвалі, колькі каштуюць лекі на рынках, падобных на наш) паказаў эфектыўнасць. Паводле 345-га ўказа з гэтага года арыгінальныя прэпараты для лячэння анкалагічных і сардэчна-сасудзістых захворванняў зашлі да нас з фіксаванай адпускной цаной. Пастаўшчыкоў такія падыходы не спалохалі. Тым больш яны не новыя для сусветнай фарміндустрыі. У выніку выйграў і бюджэт, на закупкі патрацілі менш і спажыўцы, купляючы патрэбны прэпарат у аптэках.

Лекі, цэны на якія фарміраваліся сёлета па-новым, рэферэнтным падыходзе, займаюць толькі 3 % на нашым рынку. Гэта гарант ад неабгрунтаваных скачкоў і падаражання. 37 прэпаратаў для лячэння анкалагічных і сардэчных захворванняў. Так, няшмат. Але пачатак пакладзены. Пілотны праект разлічаны да наступнага года, але ўжо сёння вырашана спіс лекаў папоўніць.

Каб даць магчымасць выказацца і людзям наконт цэнаў на лекі, па якія яны ездзяць за мяжу, Мінаховы здароўя праводзіць апытанне на старонцы ў адной з сацыяльнай сетак. Больш за 420 каментарыяў. Кіраўнік ведамства запэўнівае: ніводны не застанецца без увагі. Цэнавае пытанне абмяркуюць з пастаўшчыкамі. З восені з імі, дарэчы, ужо плануюць працаваць хутчэй. На рэгістрацыю прэпарата не больш за 35 дзён, зараз патрэбна часам і да 90.

Галоўнае - каб ад усіх гэтых складаных схем, апытанняў у Інтэрнэце, стварэння новых платформаў закупак выйгралі мы, спажыўцы. Бо калі лекі патрэбныя, значыць яны павінны быць у аптэцы. А ўсе іншыя тлумачэнні не патрэбныя, таму што не дапамогуць.