Маршрутныя таксі і аўтобусы - пад пільным кантролем ДАІ

21 ноября 2013

Перавышэнне хуткаснага рэжыму, праезд на чырвоны сігнал, карыстанне мабільным тэлефонам падчас руху і нават ужыванне спіртнога. Такія парушэнні ўжо трапілі у поле зроку у рамках прафілактычнай акцыі Аўтобус, якая cтартавала ў сталіцы. Чаму ж правілы дарожнага руху на практыцы не заўсёды для ўсіх?


Аляксандр Харавец высветліў, што выбіраюць вадзіцелі і пасажыры - хуткасць або бяспеку?


Праверка дакументаў у вадзіцеля маршруткі - звычайная справа. Аднак гэты выпадак выключэнне з правілаў. Падчас гутаркі інспектар звярнуў увагу на яўны пах алкаголю, які прысутнічаў у салоне аўто. Вадзіцель маршруткі спачатку спаслаўся на нецвярозых пасажыраў, а потым прызнаўся - ужываў спіртное напярэдадні вечарам і сёння спакойна выйшаў на працу.


Вадзіцель гэтай маршруткі затрымліваецца праваахоўнікамі не ўпершыню. І хаця намінальна ён не парушае правілаў дарожнага руху, аднак за расколіну на лабавым шкле прыйшлося заплаціць штраф. І зноў на маршрут. Да канца працоўнага дня патрачаныя грошы магчыма і верне.


Карыстанне мабільным тэлефонам падчас руху, праезд на чырвоны сігнал святлафора і перавышэнне хуткасці - асноўныя парушэнні правілаў дарожнага руху вадзіцелямі маршрутак. Сёлета па віне такіх гора-вадзіцеляў толькі у сталіцы ўчынена 5 ДТЗ, у выніку якіх траўмы атрымалі 6 чалавек.


У параўнанні з мінулым годам аварый з удзелам маршрутак удвая менш. Аднак гэта не пазбаўляе вадзіцеляў ад адказнасці за бяспеку пасажыраў.



Любоў Трапашка, старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Маскоўскага РУУС г. Мінска: Санкцыі да вадзіцеляў заўсёды самыя жорсткія. На іх ляжыць пяціразовая адказнасць, бо яны нясуць адказнасць за жыццё людзей, якіх яны перавозяць.



Самі ж пасажыры часта выбіраюць хуткасць. І хаця ездзіць у маршрутных таксі не адмаўляюцца, усё ж асцярожнічаюць.


Падчас прафілактычнай акцыі Аўтобус маршрутныя таксі - пад пільным кантролем супрацоўнікаў ДАІ. Аднак такія мерапрыемствы не прынясуць плёну, пакуль самі вадзіцелі маршрутак у пагоні за часам не падумаюць пра бяспеку сваіх жа пасажыраў.