Паказаць нацыянальны мультфільм у жанры філатэліі - над увасабленнем гэтай ідэі яшчэ працуюць, але Наталля Бардзілоўская ўжо даведалася пра падрабязнасці!
Хутка Піліпку з мультыка можна будзе патрымаць у руках або пакласці ў альбом па філатэліі. Якой будзе марка, нават сама аўтар-аніматар пакуль не ведае. Брэндавы фрагмент яе фільма вызначаюць дызайнеры Белпошты. Вось-вось пра нашага гарэзу-героя даведаецца ўвесь свет: беларускія маркі разыходзяцца па ста сямідзесяці краінах!
Блок з васьмі мультфільм-марак - прысвячэнне саракагоддзю айчыннай анімацыі. У 1972 годзе дарогу айчыннай мультыплікацыі адкрыў Уладзімір Голікаў. Яго фільм Няўдачнік сёння можна знайсці хіба што на архіўных паліцах Беларусьфільма.
Ігар Галіноўскі, дырэктар студыі анімацыйных фільмаў нацыянальнай кінастудыі Беларусьфільм: Вельмі добра, што мы на марках захавалі фрагменты мультфільмаў, вырабленых на кінастудыі Беларусьфільм. Марка дзесьці асядзе ў калекцыях, яна ўвекавечыць гэты нейкі прамежак часу з тымі мультфільмамі, якія мы знялі за час 2011-12-13 гадоў…
Ператварыць кіно ў марку-мініяцюрку - ювелірная праца. Але дызайнерскую працу завяршылі за два месяцы - раней за тэрмін. На днях праект паступае ў друк. Тыраж у яго будзе вялізны - каля шасцідзесяці тысяч экзэмпляраў.
У абарачэнне серыя анімацыйных марак выйдзе ў кастрычніку. Дарэчы, васьмёрка любімых персанажаў - толькі пачатак сумеснага праекта Беларусьфільма і Белпошты. У запасе кінастудыі 170 мультфільмаў - Белпошта падтрымае.














