Марафон "Нашы дзеці" спраўджвае мары маленькіх беларусаў па ўсёй краіне

20 декабря 2017

Да Новага года больш за тыдзень, але жаданні, аказалася, могуць спраўджвацца не толькі ў святочную ноч. Марафон добрых спраў "Нашы дзеці" ажыццяўляе мары маленькіх беларусаў па ўсёй краіне. Гэтай традыцыі больш за 20 гадоў. Асаблівая ўвага малышам, пакінутым без апекі бацькоў. Таму ў першую чаргу свята прыйшло ў інтэрнаты, апякунскія сем'і, школы для асаблівых дзяцей. Вольга Маслоўская пабывала на ёлках.

Сёння ў школе сапраўдны перапалох. Да ранішніка - лічаныя хвіліны. Артысты ў выдатным настроі, бо Новы год - час здзяйснення самых запаветных жаданняў. Насця Ключанок - выхаванка Маладзечанскай школы для дзяцей з парушэннем зроку - аднойчы загадала жаданне, каб хвароба адступіла, і яна змагла добра ўбачыць прыгажосць навагодніх агнёў. Праз шэсць гадоў навучання з вопытнымі педагогамі і ўрачамі дзяўчынка займаецца любімай справай без ачкоў. У навагоднім спектаклі яна выступае ў ролі танцоўшчыцы.

Сёння ў школе - 104 дзіцяці. Сярод іх ёсць дзеці, пакінутыя без бацькоўскага клопату. Але ў кожнага ёсць падтрымка і любоў педагогаў.

Павіншаваць дзяцей з надыходзячымі святамі і самім успомніць дзяцінства на школьны ранішнік прыехалі госці са сталіцы. І не з пустымі рукамі.

Навагодні настрой і ў выхаванцаў інтэрната ў вёсцы Чахоўшчына. Тут вучацца і жывуць 50 маленькіх беларусаў - працавітых і творчых. Напрыклад, калядны анёл, зроблены рукамі Таццяны Круталевіч, прынёс перамогу на раённым конкурсе прыкладной творчасці. Школьніца атрымлівае спецыяльнасць швачкі. А хлопчыкі могуць асвоіць прафесію слесара, але сёння яны ўсе сапраўдныя артысты.

Захапляльныя прыгоды ля ёлкі, танцы і дружны карагод. Разам з дзецьмі добрыя песні з дзяцінства спявалі і дарослыя. На вясёлае свята школьнікі запрасілі сапраўдных і бясстрашных сяброў з МНС.

Школу і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях звязвае даўняе сяброўства. Больш за 15 гадоў ратавальнікі апякуюць выхаванцаў інтэрната. Дапамаглі адрамантаваць будынак, уладкаваць спартыўную залу, камп'ютарны клас. І мяшок з навагоднімі падарункамі разам з Дзедам Марозам збіралі шэфы.

У ім аказаліся куфары з ласункамі, а яшчэ разумная тэхніка.

Зімовы карнавал - найважнейшая падзея снежня і для вучняў Гродзенскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку. Саша Мандрыкевіч сёння аддаў перавагу касцюму ваўка перад вобразамі чараўнікоў і снегавікоў. Па сакрэце прызнаўся, што сшыць яго дапамагла мама.

У перадсвяточныя дні героямі сапраўднай навагодняй казкі пад назвай "Нашы дзеці" стануць амаль 15 тысяч маленькіх беларусаў. І кожны год да гэтай добрай традыцыі далучаюцца ўсё больш неабыякавых людзей.