Марафон "Добрых сэрцаў" прайшоў у Мінскім маладзёжным тэатры эстрады

12 декабря 2017

"Усе фарбы жыцця - для цябе" - зоркі эстрады, моладзь і валанцёры выступілі з дабрачыннай праграмай. Далучылася да іх і мая калега Ларыса Гулякевіч.

Валанцёрскі рух «Добрае сэрца» аб'ядноўвае больш за 35 тысяч юнакоў і дзяўчат з усёй Беларусі. А вядомыя артысты эстрады ахвотна далучаюцца да дабрачынных канцэртаў. Рабіць дабро ўсім светам. Рэспубліканскі дабрачынны марафон аб'яднаў валанцёраў з усёй краіны і артыстаў беларускай эстрады дзеля добрай справы. На гэты раз неабыякавыя людзі дапамагаюць 2-гадоваму хлопчыку адчуць усе фарбы жыцця.

Паша Кіслюк нарадзіўся раней за тэрмін. Сёння хлопчык мае патрэбу ў дадатковым лячэнні і рэабілітацыі. Неабходныя сродкі для яго ўжо збіралі і раней на такім жа дабрачынным марафоне. Маці Паўліка, Вераніка Ціванова, адзначае станоўчую дынаміку ў развіцці сына. Але ж маленькаму пацыенту неабходна працягваць лячэнне.

Валанцёрскі рух «Добрае сэрца» падтрымлівае многіх дзяцей. Усе атрыманыя сродкі накіроўваюць тым, каму тэрмінова патрэбна дапамога. Валанцёрамі з'яўляюцца не толькі арганізатары дабрачынных марафонаў. Гэта і артысты, якія на такіх канцэртах працуюць бясплатна, і гледачы, якія набываюць білеты.

Акрамя ўрачыстага канцэрта з удзелам самых папулярных зорак беларускай эстрады, тут жа працавалі калядны кірмаш, фотазона, тэатр мімаў. Праз музыку, словы і малюнкі кожны перадаў самыя цёплыя і шчырыя пажаданні для маленькага Пашы.