Семінары-практыкумы, вебінары, майстар-класы, трэнінгі, адкрытыя ўрокі… Марафон для педагогаў шосты год запар праходзіць у Мінскай вобласці.
Замест лёгкаатлетычнай - праграма інтэлектуальная, дзе свой вопыт, асабістыя праекты і метадычныя распрацоўкі дэманструюць маладыя настаўнікі, класныя кіраўнікі, бібліятэкары. Сёлетняя праграма прысвечана педагогам метадычнай службы і спецыяльнай адукацыі. З падрабязнасцямі - Аляксандра Драгун.
Нясвиіжскі раён – адзін з самых актыўных удзельнікаў педагагічнага марафону. Штогод дырэктары школ, маладыя настаўнікі, спецыялісты дадатковай адукацыі, метадысты выходзяць на сцэну, каб не перад сваімі вучнямі – перад калегамі – прэзентаваць асабістыя адукацыйныя праграмы і вучэбна-метадычныя комплексы. Пераймаць аўтарскія распрацоўкі можна і трэба – гэта не палічаць за плагіят.
Гэты працоўны тыдзень у Мінскай вобласці прысвяцілі педагогам. Бадай, самым творчым і крэатыўным выдаўся дзень дадатковай адукацыі класных кіраўнікоў і куратараў груп. Надзея Куцень - настаўніца англійскай мовы Нясвіжскай гімназіі і па сумяшчальніцтве - самы класны класны кіраўнік. Сёлета яна разам з групай падтрымкі - вучнямі і бацькамі - перамагла ў раённым конкурсе прафмайстэрства.
А ў Нясвіжскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі працуе лепшы педагог Мінскай вобласці – Ірына Таратута. Літаральна тыдзень таму яна вярнулася с рэспубліканскіх спаборніцтваў, дзе ўвайшла ў дзясятку найлепшых па прафесіі.
Сваёй пазашкольнай дзейнасцю Нясвіж славіцца на ўсю Мінскую вобласць. Тут – у цэнтры дадатковай адукацыі – адкрыта 150 гурткоў для аматараў малявання, танцаў, спорту і тэатральнага мастацтва. Творчасцю ахоплена больш за дзве тысячы дзяцей з усяго раёна.
У тым ліку дома займаюцца з маладымі людзьмі, якія маюць фізічныя абмежаванні. Развіваюць у іх дробную маторыку праз дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і работу з прыродным матэрыялам. У цэнтры дадатковай адукацыі для аматараў тэатральнага мастацтва ёсць два кірункі – лялечны і драматычны. Для спевакоў – міні-студыя, дзе можна запісаць кампакт-дыск са сваёй музычнай кампазіцыяй.
Заўтра – заключны дзень педагагічнага марафону. Слова возьмуць кіраўнікі гімназій, школ, цэнтраў дадатковай адукацыі і дзіцячых садоў.













