Марафон "75" крочыць па краіне

15 июня 2019

З Мінска ўдзельнікі рэспубліканскай акцыі прыехалі на гераічную зямлю Брэсцкай крэпасці. Па цытадэлі пранеслі палотнішча "Беларусь памятае". Яго фрагменты збіраюць па ўсёй краіне. На іх напісаны імёны вызваліцеляў. Сярод удзельнікаў марафону - моладзь, ветэраны і сведкі вайны. Каля сцен крэпасці арганізавалі опэн-эйр. Таксама на пляцоўцы працавалі музей на колах і мабільная фоталабараторыя. Любы ахвочы мог прынесці здымкі франтавікоў, якія ўвойдуць у рэспубліканскі альбом "Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі". У Брэсце ахвочых было так шмат, што да фургона ўтварылася вялікая чарга.

У Гродне ўдзельнікаў моладзевага марафону сустракалі ў цэнтральным парку. Ля помніка воінам-вызваліцелям адбыўся ўрачысты мітынг. Маладыя людзі ўсклалі кветкі і таксама запрасілі ўсіх ахвочых са здымкамі франтавікоў у перасовачную лабараторыю. Тут рэспубліканскі альбом папоўніўся яшчэ некалькімі дзясяткамі фотаздымкаў. Усяго з усёй краіны ў кнізе памяці іх будзе 900.

На маршруце марафону - 15 населеных пунктаў. Завершыцца ён сімвалічна - у дзень 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 3 ліпеня па праспекце Незалежнасці ў сталіцы пранясуць палотнішча "Беларусь памятае". А затым яго і альбом перададуць у Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.