Маму Аляксандра Аўдзевіча пазбавілі дапамогі па доглядзе інваліда. Каментарый намесніка прэм'ер-міністра Н. Качанавай

2 октября 2016

Адна з тэм, якая на гэтым тыдні ўзрушыла інтэрнэт-прастору - маму Аляксандра Аўдзевіча пазбавілі дапамогі па доглядзе інваліда. Асноўная прычына - за Аляксандрам адсутнічаў кругласутачны догляд.

Маладога чалавека, які праехаў на хэндбайку 4 тысячы кіламетраў па Еўропе, у Мінску сустракалі як героя. Бадай, гэта той самы выпадак, калі захацеў і паехаў. Аляксандр Аўдзевіч з дапамогай краўд-фандынга сабраў 100 мільёнаў недэмінаваных рублёў на куплю хэндбайка для вялікага падарожжа і адправіўся ў дарогу. Ён пабываў у 12 краінах, увесь час падарожжа беларус выкладваў відэасправаздачы ў сацсетках і на YouTube. А часам тое, як здзяйсняецца мара, можна было глядзець літаральна ў рэальным часе. Мы рыхтуем серыю праекта "Нашы", прысвечаную Сашы. Ужо хутка ў эфіры - на "Беларусь 1".

Дык вось, ужо пасля прыезду малады чалавек даведаўся аб праблеме, з якой сутыкнулася яго мама. Дапамога па догладзе інваліда 1-й групы складае прыкладна 140 рублёў за месяц, і гэта адзіная крыніца даходаў сям'і, бо маці прыйшлося звольніцца, каб даглядаць сына. 

У эксклюзіўным інтэрв'ю нашаму каналу неадназначную сітуацыю пракаменціравала намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава (відэа).